Рамаяна
Рамая́на (санскрыт: रामायण, Rāmāyaṇa IAST «вандраваньне Рамы») — старажытнаіндыйскі эпас на санскрыце, аўтарам якога ў традыцыі індуізму прынята лічыць мудраца Валмікі. Зьяўляецца адным з найважнейшых сьвяшчэнных тэкстаў індуізму канону смрыці.
Згодна з традыцыяй індуізму, дзеяньне «Рамаяна» адбываецца ў эпоху Трэта-юга, каля 1,2 млн гадоў таму. Навукоўцамі «Рамаяна» датуецца IV стагодзьдзем да н. э. У ёй апавядаецца гісторыя сёмай аватары Вішну Рамы, чыю жонку Сіту выкрадае Равана — цар-ракшаса Ланкі. У эпасе асьвятляюцца тэмы чалавечага існаваньня і паняцьце дхармы. Таксама як і «Магабгарата», «Рамаяна» — гэта ня проста звычайная гісторыя. У ёй утрымліваюцца вучэньні старажытных індыйскіх мудрацоў, якія прадстаўлены пасродкам алегарычнага апавяданьня ў спалучэньні з філязофіяй і бхакці. Пэрсанажы Рамы, Сіты, Лакшманы, Бхарата, Ханумана і Раваны зьяўляюцца неад’емнымі элемэнтамі культурнай сьвядомасьці Індыі.
«Рамаяна» складаецца з 24 000 вершаў (480 002 словаў — каля адной чвэрці тэксту «Магабгараты», што ў чатыры разы больш за «Іліяду»), якія разьмеркаваны на сем кніг і 500 песень, званых «канд». Вершы «Рамаяны» складзеныя ў мэтры з трыццаці двух складоў, які завецца ануштубх.