Перайсьці да зьместу

Паўстанцкая армія Ўкраіны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяг РПАУ

Рэвалюцыйная паўстанцкая армія Ўкраіны — збройныя паўстанцкія фармаваньні падчас Грамадзянскае вайны ў Расеі, якія дзейнічалі на паўднёвым усходзе Ўкраіны з 21 ліпеня 1918 па 28 жніўня 1921 году пад лёзунгамі анархізму. РПАУ сустракаецца ў дакумэнтах і крыніцах пад такімі назвамі, як Паўстанцкая армія Ўкраіны, Украінская паўстанцкая армія, «Чорная гвардыя», армія імя бацькі Махно, паўстанцкі рух пад кіраўніцтвам Махно, альбо дастаткова часта ў крыніцах больш позьняе савецкае эпохі — «махноўцы».

Цэнтрам паўстанцкага руху махноўцаў было сяло Гуляйполе Екацярынаўскае губэрні — радзіма Нестара Махно. Раён апэрацыяў атрадаў Махно знаходзіўся ад Днястра да заходніх межаў Вобласьці Войска Данскога.