Перайсьці да зьместу

Ніл Армстранг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ніл Армстранг
Імя ў арыгіналеанг. Neil Alden Armstrong
Нарадзіўся5 жніўня 1930
Ўапаканэта, Агаё, Злучаныя Штаты Амэрыкі
Памёр25 жніўня 2012 (82 гады)
Цынцынаці, Агаё, Злучаныя Штаты Амэрыкі
ПрафэсііЛётчык-выпрабавальнік
АдукацыяУнівэрсытэт Пэрд’ю,
Унівэрсытэт Паўднёвай Каліфорніі
Воінскае званьнеМалодшы лейтэнант
Час у космасе8 дзён, 14 гадзін, 12 хвілін і 30 сэкунд
Колькасьць выхадаў1
Ніл Армстранг у Вікісховішчы

Ніл Олдэн А́рмстранг (па-ангельску: Neil Alden Armstrong; 5 жніўня 1930, Ўапаканэта, Агаё, ЗША — 25 жніўня 2012, Цынцынаці, Агаё, ЗША) — амэрыканскі астранаўт і авіяцыйны інжынэр, кіраўнік місіі «Апалён-11», першы чалавек які ступіў на паверхню Месяца (21 ліпеня 1969 году). Ён таксама быў марскім лётчыкам-выпрабавальнікам і прафэсарам унівэрсытэту.

Выпускнік унівэрсытэту Пэрд’ю, Армстранг вывучаў авіяцыйную тэхніку паводле стыпэндіі вайскова-марскіх сілаў ЗША ў рамках пляну Галаўэю. У 1949 годзе атрымаў годнасьць мічману, і стаў вайскова-марскім лётчыкам у наступным годзе. Прымаў удзел у Карэйскай вайне, робячы вылета на самалёце Grumman F9F Panther з авіяносца USS Essex. У верасьні 1951 году ён быў зьбіты зэнітным агнём, робячы бамбардзіроўку, і быў вымушаны катапультавацца. Пасьля вайны Ніл атрымаў ступень бакаляўра ва ўнівэрсытэце Пэрд’ю, і стаў лётчыкам-выпрабавальнікам ў Нацыянальным кансультатыўным камітэце па аэранаўтыцы ў Каліфорніі. Ён выпрабоўваў зьнішчальнікі Century Series, зрабіўшы 7 вылетаў на самалёце North American X-15.

Армстранг нарадзіўся 5 жніўня 1930 году, каля места Ўапаканэта ў штаце Агаё[1]. Ягоныя бацькі Стывэн Кёніг Армстранг і Віёла Луіза Энгель мелі нямецкае, шатляндзкае і шатляндзка-ірляндзкае паходжаньне[2][3][4]. Акрамя Ніла ў сям’і выхоўваліся ягоная малодшая сястра Джун і малодшы брат Дын. Ягоны бацька працаваў рэвізорам ва ўрадзе штату Агаё[5], а сям’я неаднаразова пераязджала зь месца на месца па штаце, жывучы ў шаснаццаці розных местах на працягу наступных чатырнаццаці гадоў пасьля нараджэньня Ніла[6]. Любоў і прага да палётаў у Армстранга пачалася рана, яшчэ зь дзяцінства, калі бацька ўзяў малога двухгадовага сына на Нацыянальныя паветраныя гонкі, якія праходзілі ў Кліўлендзе. Калі Нілу было пяць ці шэсьць гадоў, ён упершыню праляцеў на самалёце разам з бацькам на самалёце Ford Trimotor[7][8].

У 1944 годзе сям’я, нарэшце, стала пасялілася ва Ўапаканэта, дзе нарадзіўся Ніл. Тамака Армстранг пачаў наведваць сярэднюю школу Блум і браць пэрсанальныя ўрокі па палётах на травяністым аэрадроме Ўапаканэта[1]. Ён атрымаў студэнцкі сэртыфікат лётчыка на свой шаснаццаты дзень нараджэньня, пасьля чаго ўвесь жнівень займаўся індывідуальна, каб нарэшце атрымаць пасьведчаньне лётчыка[9]. Акрамя таго, Ніл быў зацятым прыхільнім скаўцкага руху, атрымаўшы высокі ранг скаўта-арла. Зьяўляючыся ўжо дарослым Армстранг атрымаў прэмію заслужанага скаўта-арла і прэмію «Срэбны буйвал»[10][11].

У 17 гадоў у 1947 годзе Армстранг пачаў вывучаць авіяцыю ва ўнівэрсытэце Пэрд’ю. Ён стаў другім чалавекам у сваёй сям’і, які наведваў каледж. Ціква, што спачатку ён быў запрошаны навучацца ў Масачусэцкі тэхналягічны інстытут[12], але пасьля прагляду футбольнай гульні паміж камандамі ўнівэрсытэту Пэрд’ю і ўнівэрсытэту штата Агаё ў 1945 годзе, у якой прадстаўнікі Пэрд’ю на чале з абаронцам Бобам Дэмосам ушчэнт разграмілі высока паважаных прадстаўнікоў ўнівэрсытэту штату, ён вырашыў перайсьці ў Пэрд’ю[13]. Дзядзька, які навучаўся ў Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце ў свой час, параіў яму, што дзеля атрыманьня добрай адукацыі не абавязкова трэба ехаць у Кембрыдж, штат Масачусэтс. Навучаньне ў каледжы аплачвалася ў рамках праграмы Галаўэя, то бок дзяржавай. Паводле гэтае праграмы таленавітыя абітурыенты павінны былі навучацца два гады, пасьля чаго наступныя два гады яны вінныя былі прысьвяціць лётнае падрыхтоўкі і адзін год службы ў вайскова-марскіх сілах войска ЗША ў якасьці лётчыка, а затым завяршыць навучаньне апошнімі двума гады, атрымаўшы ступень бакаляўра[12]. Армстранг не праходзіў курсаў вайскова-марскіх навук, а таксама не далучыўся да вучэбнага корпусу афіцэраў вайскова-марскіх рэзэрваў[14]. Ступень магістра атрымаў ва ўнівэрсытэце Паўднёвай Каліфорніі.

Першапачаткова быў пілётам Вайскова-марскіх сілаў ЗША, удзельнічаў у Карэйскай вайне, быў выбраны ў групу астранаўтаў у 1962 годзе. Быў рэзэрвовым пілётам у місіі «Джэміні 5», галоўным пілётам у «Джэміні 8», рэзэрвовым пілётам у «Джэміні 11», намесьнікам кіраўніка місіі «Апалён-8» (разам з Ўільямам Андэрзам, праграма «Апалён»), а потым кіраўніком місіі «Апалён-11».

Быў віцэ-адміністратарам па справах аэранаўтыкі NASA зь ліпеня 1970 году да жніўня 1971 году, калі пакінуў пасаду для таго каб стаць прафэсарам інжынэрыі ўнівэрсытэту Цынцынаці. Быў удзельнікам Нацыянальнай камісіі па справах космасу (анг. National Commission on Space) з 1985 да 1986 году, а потым Прэзыдэнцкай камісіі па дасьледаваньні прычынаў катастрофы шатлу «Чэленджэр» у 1986 годзе.

Быў жанаты, пакінуў двух дзяцей, жыў у штаце Агаё.

  1. ^ а б Hansen 2005. С. 49—50.
  2. ^ Hansen 2005. С. 13.
  3. ^ Hansen 2005. С. 20.
  4. ^ «A Giant Leap For An Ulsterman». The Belfast Telegraph.
  5. ^ «Neil Armstrong grants rare interview to accountants organization». CBC News.
  6. ^ Hansen 2005. С. 29.
  7. ^ «Project Apollo: Astronaut Biographies». NASA.
  8. ^ Hansen 2005. С. 45.
  9. ^ Koestler-Grack, Rachel A. (2010). «Neil Armstrong». Pleasantville, New York: Gareth Stevens. — С. 14. — ISBN 978-1-4339-2147-6.
  10. ^ «1st Man on the Moon Gets National Eagle Award». The Morning Call.
  11. ^ «Silver Buffalo Award Winners 1979–1970». Boy Scouts of America.
  12. ^ а б Hansen 2005. С. 55—56.
  13. ^ «The untold story of how Neil Armstrong chose Purdue». WLFI.
  14. ^ Hansen 2005. С. 58.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]