Нэарэнэсанс
Нэарэнэса́нс — адна з найбольш распаўсюджаных формаў архітэктурнай эклектыкі XIX стагодзьдзя, якая ўзнаўляла архітэктурныя рашэньні часоў Рэнэсансу, у асаблівасьці італьянскага чынквэчэнта. Адметныя рысы — прага да сымэтрыі, рацыянальнае чэлесаваньне фасадаў, перавага простакутных плянаў з унутранымі дворыкамі, выкарыстаньне такіх архітэктурных элемэнтаў, як рустыка і пілястры.
Вытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нэарэнэсанс напоўніцу склаўся да моманту пабудовы паводле праекту Леа фон Кленцэ Ляйхтэнбэрскага палацу ў Мюнхэне (1816). Ангелец Чарлз Бары, вядомы найперш як папулярызатар нэаготыкі, з 1820-х рокаў таксама ахвотна зьвяртаўся да тэмаў італьянскага рэнэсансу (адзін з найлепшых узораў — загарадны палац у Клайвдэне). Аднак у цэлым нават у 1830-я нэарэнэсансныя пабудовы насілі эпізадычны характар.
Пераасэнсаваньне архітэктурнае мовы італьянскага рэнэсансу як унівэрсальнае стылявое сыстэмы зьвязанае зь дзейнасьцю Готфрыда Зэмпера. Ягоны галоўны твор, Дрэздэнская опэра (1834—1841), прасякнуты ўплывам барока значна ў меншай ступені, чым опэра Гарнье ў Парыжы. Зэмпераўскі стыль атрымаў значны распаўсюд у Аўстра-Вугоршчыне. Так, у Вене і Будапэшце ў стылістыцы нэарэнэсансу забудаваныя цэлыя кварталы. Найчасьцей ему аддавалі перавагу пры пабудове музэеў і бібліятэкаў.
Шырокае поле дзейнасьці знайшлося для прадстаўнікоў новага стылю ў галіне будаўніцтва чыгуначных вакзалаў — чыгункі тады зьяўляліся прагрэсіўным, рэвалюцыйным новаўвядзеньнем. У стылі нэарэнэсансу былі пабудаваныя, да прыкладу, будынкі Штэтынскага і Сылескага вакзалаў у Бэрліне, цэнтральны вакзал Амстэрдаму і іншыя.
Баз-ар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асабліва шырокі распаўсюд набыў нэарэнэсанс у архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (у тым ліку ў дызайне памяшканьняў і мэблі) у 1870—1890 гадах, калі ягоным асноўным канкурэнтам у кантынэнтальнай Эўропе выступала нэабарока. У Францыі сфармаваўся гібрыд абодвух кірункаў — г. зв. баз-ар. Гэта скрайне эклектычны падыход, пры якім формы паўгатычнага францускага рэнэсансу (рэалізаваныя ў ратушы на Грэўскай плошчы) вольна спалучаюцца з элемэнтамі барока і паладыянства. Нэарэнэсансавы дэкор, прапушчаны скрозь сіта баз-ару, у другой палове XIX стагодзьдзя паўсюдна ўжываўся пры праектаваньні камэрцыйнай нерухомасьці і напышлівых грамадзкіх будынкаў, прычым ня толькі ў Эўропе, але і ў ЗША.
Іншыя праявы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура савецкіх жылых хат сталінскіх часоў уяўляе сабой варыяцыю на тэму нэарэнэсансу.
- Узнаўленьне формаў вэнэцыянскага рэнэсансу прымала форму нэапаладыянства.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нэарэнэсанс — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў