Міністэрства энэргетыкі ЗША
Міністэ́рства энэрґе́тыкі ЗША (па-ангельску: United States Department of Energy) — выканаўчы дэпартамэнт фэдэральнага ўрада ЗША, адказны за нацыянальную энэрґетычную палітыку ЗША. Дэпартамэнт займаецца працамі па напрамках ядзернай энэрґетыкі, ядзернай зброі, вытворчасьці ядзерных рэактараў для ВМС ЗША, дасьледаваньнямі на тэму энэрґетыкі, ґенэрацыяй электраэнэрґіі, энэрґазьберажэньнем. Міністэрства энэрґетыкі было створана ў 1977 годзе як рэакцыя на нафтавы крыза 1973 году.
Міністэрства ўзначальвае міністар энэрґетыкі, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту ЗША і зьяўляецца членам кабінэта міністраў. Цяперашняя міністарка энэрґетыкі — Джэніфер Гранхольм, на пасадзе з 25 лютага 2021 году.
Для рэалізацыі навукаёмістай дзейнасьці міністэрства, пад яго кіраўніцтвам знаходзіцца сыстэма нацыянальных лябараторыяў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Папярэднікам міністэрства энэрґетыкі была створаная ў 1946 годзе Камісія па атамнай энэрґіі ЗША, якая займалася пытаньнямі дасьледаваньня й разьвіцьця атамнай энэрґетыкі, распрацоўкай і вытворчасьцю ядзернай зброі й ядзерных рэактараў для патрэб флёту.
У сярэдзіне 1970-х Камісія па Атамнай Энэрґіі ЗША была пераўтворана ў 2 новыя органы: Камісію па ядзерным рэгуляваньні для кіраваньня мірнай ядзернай энэрґетыкай і Ўпраўленьне па энэрґетычных дасьледаваньнях і распрацоўках для кіраўніцтва распрацоўкай ядзернай зброі й праґрам разьвіцьця энэрґетыкі.
Энэрґетычная крыза 1970-х прадэманстраваў неабходнасьць адзінай арґанізацыі. 1 кастрычніка 1977 году было створана Міністэрства энэргетыкі. У яго паўнамоцтвы ўвайшоў кантроль за доўгатэрміновымі дасьледаваньнямі і разьвіцьцём энэрґетычных тэхналёгіяў, энэрґазьберажэньне, дасьледаваньні ў галіне ядзернай энэрґетыкі, збор зьвестак а таксама прагназаваньне ў галіне энэрґетыкі. У нашы дні асноўныя задачы Міністэрства Энэрґетыкі — забесьпячэньне энэрґетычнай бясьпекі Злучаных Штатаў, а таксама правядзеньне навуковых дасьледаваньняў, распрацоўка й укараненьне інавацыйных тэхналёгіяў, абарона навакольнага асяродзьдзя.