Марк Ліцыніюс Крас
Марк Ліцыніюс Крас | |
Дата нараджэньня | 115 да н. э.[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 8 чэрвеня 53 да н. э.[2] або 9 чэрвеня 53 да н. э.[1] |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | загінуў у баі[d] |
Занятак | старажытнарымскі палітык, старажытнарымскі вайсковец, вайсковы афіцэр |
Сябра ў | Першы трыумвірат[d] |
Бацька | Публіюс Ліцыніюс Крас[d][2][3][4][…] |
Маці | невядома |
Дзеці | Публіюс Ліцыніюс Крас[d][4][5] і Марк Ліцыніюс Крас[d][4][5] |
Марк Ліцы́ніюс Крас (па-лацінску: Marcus Licinius Crassus, 115 да н. э. — 53 да н. э.) — старажытнарымскі палітычны і вайсковы дзяяч, удзельнік першага трыюмвірату, адзін з найзаможнейшых людзей свайго часу.
Крас паходзіў з рымскага саслоўя вершнікаў, якія ня мелі палітычных правоў патрыцыяў, аднак валодалі значнай маёмасьцю. У прыватнасьці, бацька Краса займаўся зборам падаткаў у Галіі і меў з гэтага значны прыбытак. Калі ў Рыме пачаліся грамадзянскія войны, Крас быў вымушаны схавацца ў Гішпаніі. Паводле сьведчаньня Плютарха, Крас у гэты час жыў у пячоры. Хутка Крас схіліўся да Люцыюса Карнэліюса Сулы, які выступіў супраць захапіўшых Рым марыянцаў. Дзякуючы сваім здольнасьцям, Крас хутка стаў адным з найбольш аўтарытэтных вайскаводаў Сулы. Аднак той больш падтрымліваў Пампэя, што не падабалася Красу, які імкнуўся ўсімі сродкамі дамагчыся большага ўплыву, чым Пампей. Падчас бітвы каля Колінскай брамы 82 году да н. э. перамога Краса на флянзе вырашыла лёс гэтае апошняе бітвы грамадзянскай вайны. Уплыў Краса значна ўзрос, і Сула даверыў яму ўдзельнічаць у захопе маёмасьці ворагаў Сулы і ягонай усталяванай дыктатуры. Аднак праз тое, што ён аднойчы не падзяліўся нарабаваным з Сулам, ён быў аддалены ад хуткага ўзбагачэньня падчас праскрыпцыяў.
Па сьмерці Сулы ў 78 годзе да н. э. Крас некаторы час абараняў прынятыя за часам ягонай дыктатуры законы, аднак пад націскам народных трыбунаў гэтыя законы былі скасаваныя. У гэты час Крас ня страціў свайго аўтарытэту і ўплыву на дзяржаўныя справы, але нават узвысіўся і стаў галоўным канкурэнтам Пампэя. Па-першае, Крас значна павялічыў сваё багацьце за кошт розных махінацыяў, а па-другое, менавіта ён кіраваў войскам, якое было накіраванае супраць рабоў-паўстаўнцаў на чале з Спартаком. Крас быў прадстаўніком вершнікаў і часткі плябэяў, у той час як Пампэй быў пераважна прадстаўніком старога рымскага шляхецтва, а таксама абапіраўся на падначаленых яму легіянэраў. Меркавалася, што Крас меў нейкае дачыненьне да змовы Катыліны 63 году да н. э., аднак доказаў не знайшлося.
У 60 годзе да н. э. Крас, Пампэй і Цэзар замірыліся і стварылі першы трыюмвірат, які некалькі гадоў фактычна кіраваў Рымам. Аднак Крас быў найслабейшым з трыюмвіраў, і таму ён выступіў як ініцыятар вайны з Партыяй. Кіраўніцтва войскам было даручанае яму, але паход быў няўдалым, і Крас загінуў падчас бітвы каля Караў у 53 годзе да н. э. Па сьмерці Краса трыюмвірат распаўся, і хутка пачалася грамадзянская вайна паміж Цэзарам і Пампэем.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Красс, Марк Лициний (рас.) // Военная энциклопедия — СПб: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 13. — С. 273.
- ^ а б Красс (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XVIа. — С. 568—569.
- ^ Любкер Ф. Licinii (рас.) // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга, Ф. Гельбке, П. В. Никитин, В. А. Канский, пер. А. Д. Вейсман, Ф. Гельбке, Л. А. Георгиевский, А. И. Давиденков, В. А. Канский, П. В. Никитин, И. А. Смирнов, Э. А. Верт, О. Ю. Клеменчич, Н. В. Рубинский — СПб: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 768—772.
- ^ а б в M. Licinius (68) P. f. M. n. Crassus // Digital Prosopography of the Roman Republic (анг.)
- ^ а б Digital Prosopography of the Roman Republic (анг.)