Перайсьці да зьместу

Людвіка Марыя Ганзага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людвіка Марыя Ґанзаґа
Marie Louise Gonzaga de Nevers
француская гравюра
француская гравюра

Герб Ґанзаґаў
Герб Рэчы Паспалітае  Каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская
1644 — 1667
ПапярэднікЦэцылія Рэната Габсбург
НаступнікЭлеанора Марыя Юзэфа Габсбург
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Марыя Ґанзаґа
Нарадзілася 18 жніўня 1611
Нэвэр ці Парыж, Францыя
Памерла 10 траўня 1667 (55 гадоў)
Варшава, Рэч Паспалітая
Пахаваная
Род Ганзага
Бацькі Шарль дэ Нэвэр
Катарына дэ Майен
Муж Уладыслаў Ваза
Ян Казімер Ваза
Дзеці Марыя Ганна Ваза[d] і Ян Жыгімонт[d]
Рэлігія каталіцтва
Дзейнасьць палітык

Людвіка Марыя Ґанзаґа Нэвэрская (па-польску: Ludwika Maria Gonzaga de Nevers, па-француску: Marie Louise Gonzaga de Nevers; 18 жніўня 1611, Нэвэр ці Парыж, Францыя — 10 траўня 1667, Варшава, Польшча) — каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская, жонка апошніх каралёў дынастыі Ваза — Уладзіслава і Яна Казімера.

Дачка францускага князя Шарля дэ Нэвэра з дому Ганзага (з 1627 — князя Мантуі) і Катарыны дэ Маен (пляменьніцы князя Гіза). Выхаваньнем Марыі займалася сястра яе бацькі, аўдавелая княгіня Лёнгвіль. Дзякуючы ёй дзяўчына мусіла ў 1627 выйсьці замуж за Гастона Арлеанскага, брата караля Люі XIII. Гэты шлюб не ўваходзіў у пляны кардынала Рышэльё, які, асьцерагаючыся ўцёкаў жаніха й нявесты з Парыжу, зьняволіў яе ў Вэнсэнскім замку, а потым перавёў у кляштар. Пасьля ўвесь каралеўскі двор прапаноўваў яе ў жонкі фаварыту караля, шэвалье Анры Сэн-Мару, але кардынал палічыў такі зьвяз нявартым яе высакародзьдзя.

Першая прапанова шлюбу Марыі Ганзагі й Уладыслава Вазы была зробленая ў 1634, але ў 1637 той ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. У 1640 пазнаёмілася з братам Уладзіслава і таксама вязьнем Рышэльё Янам Казімерам, тады ж адчыніла ў Парыжы літаратурны салён.

Каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На партрэце пэндзля Юстуса ван Эгманта (1645)

У 1644 пасьля сьмерці Цэцыліі Рэнаты Ян Казімер Ваза аднавіў сватаўство да яе ад імя свайго брата Ўладзіслава, які пасварыўся з Габсбургамі і марыў аб зьвязе з урадам Мазарыні. Толькі 5 лістапада 1645, калі Марыі было далёка за 30 і яна выйшла зь дзіцянараджальнага веку, яна здолела ўступіць у шлюб, заручыўшыся зь Янам Казімерам, які на цырымоніі прадстаўляў свайго брата. Тады ж яна прыняла новае імя Людвіка, бо ў Рэчы Паспалітай імя Марыя было зарэзэрваванае за Маці Божай. Уласна шлюб адбыўся 10 сакавіка 1646. Вынікаючы запаветам бацькі, Людвіка Марыя падбівала мужа на вайну з туркамі ды й увогуле часта ўмешвалася ў палітыку, за што яе й не любіла шляхта. Але ў цэлым уплыў яе быў абмежаваны пытаньнямі культуры і адукацыі. 20 траўня 1648 Людвіка Марыя стала ўдавой.

Праз паўгады новым гаспадаром стаў Ян Казімер, а 30 траўня 1649 Людвіка Марыя выйшла за яго замуж. На другога мужа, меней спрактыкаванага ў дзяржаўных пытаньнях, яна мела вялікі ўплыў. Падчас швэдзкага патопу сама ўзначаліла войска, дапамагала каралю ў змаганьні з магнацкай партыяй князя Любамірскага, настойвала на ўзмацненьні ўлады караля й сэнату, спрабавала зьмяніць сыстэму галасаваньня ў сойме і настойвала на абраньні новага караля пры жыцьці старога (прынцып vivente rege). Шляхта нэгатыўна адклікалася аб яе кіраваньні дзяржавай; Рудаўскі параўнаў яе з «малюсенькім этыёпам, які засядлаў слана»[1].

Запрасіла ў Рэч Паспалітую тры Ордэны: ксяндзоў місіянэраў у 1651, сёстраў міласэрнасьці ў 1652 і візытак у 1654. Заснавала першы ў Рэчы Паспалітай літаратурны салён, сярод гасьцёў якога быў у тым ліку Ян Анджэй Морштын. Не безь яе ўдзелу ў Рэчы Паспалітай стала выходзіць першая газэта — Merkuriusz Polski Ordynaryjny. Спансавала італійскага эрудыта, аднаго зь першых эгіптолягаў і вынаходніка «лятучых машынаў» Тытуса Лівіюша Баратыні, які ад 1641 жыў у Рэчы Паспалітай.

У шлюбе зь Янам Казімерам людвіка Марыя нарадзіла двух дзяцей, але яны памерлі ў дзяцінстве. Ня маючы ўласных дзяцей, яна марыла бачыць наступным каралём мужа сваёй пляменьніцы, князя Энгіенскага, альбо ўнука сваёй выхавальніцы, юнага князя Лёнгвіля.

Людвіка Марыя памерла 10 траўня 1667 і была пахаваная ў Вавэльскім саборы. Сэрца ж яе і пахавальная маска з воску захоўваюцца ў Касьцёле візытак у Варшаве. Страціўшы зь яе сьмерцю апошняе апірышча, кароль адрокся ад пасады і зьехаў дажываць сваё жыцьцё плябанам у тым горадзе, дзе яны сустрэліся, — Нэвэры. Па іроніі лёсу ўсяго празь некалькі гадоў, пасьля абраньня на пасад Яна Сабескага, каралевай Польшчы стане іншая францужанка — Марыя Казімера д'Арк'ен, якая прыбыла ў Польшчу ў сьвіце Марыі Нэвэрскай, і праціўнікамі каралевы нават называлася яе пазашлюбнай дачкой ці то ад князя Люі ІІ Бурбона-Кандэ, ці то ад маркіза Анры Куаф'е дэ Рузэ.

Папярэднік
Цэцылія Рэната Габсбург
Каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская
1670—1673
Наступнік
Элеанора Марыя Юзэфа Габсбурґ
  1. ^ [1]
  • Zofia Libiszowska. Źona dwóch Wazów. Warszawa, 1963
  • Karolina Targosz. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi, Wrocław, 1975
  • Bozena Fabiani. Warszawski dwor Ludwiki Marii. Warszawa, 1976.
  • Zofia Libiszowska. Krolowa Ludwika Maria. Warszawa, 1985.
  • Karolina Targosz. Sawantki polskie XVII wieku, Kraków, 1997