Перайсьці да зьместу

Ластаўчына гняздо

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 44°25′51″ пн. ш. 34°07′42″ у. д. / 44.430727° пн. ш. 34.12825° у. д. / 44.430727; 34.12825

Ластаўчына гняздо

Ла́стаўчына гняздо (крым. Qarılğaç yuvası, Къарылгъач ювасы; укр. Ластівчине гніздо; грэц. Φωλιά Καταπιείτε το) — помнік архітэктуры і гісторыі, разьмешчаны на 40-мэтровай скале Ай-Тадорскага мысу ў пгт Гаспра (АР Крым, Украіна).

Будынак нагадвае сярэднявечны рыцарскі замак. Ластаўчына гняздо зьяўляецца своеасаблівай эмблемай Паўднёвага берагу Крыму.

Гаспра на мапе Крыму
Будынак на мысе Ай-Тадор ў пачатку XX ст. Фота С. Г. Пракудзіна-Горскага

У расейска-турэцкую вайну 1877—1878 гадоў на лячэньне ў Крым прыехаў паранены генэрал, для якога на месцы будучай фартэцыі быў пабудаваны драўляны домік (у той час многім героям вайны падарылі землі ў Крыме), зь яго вокнаў было відаць толькі мора і неба. Першы ўладальнік назваў гэта месца «замкам каханьня». Той драўляны домік можна ўбачыць на палотнах вядомых мастакоў-марыністаў: І. Айвазоўскага, Л. Ф. Лагорыё, А. П. Багалюбава, — а таксама на фатаздымках таго часу.

Наступным гаспадаром гэтага лецішча стаў прыдворны лекар А. Д. Тобін. Пра яго засталося вельмі мала зьвестак. Пасьля ягонай сьмерці домікам некаторы час валодала ўдава, якая неўзабаве прадала ўчастак маскоўскай купчысе Рахманінай. Яна зьнесла стары будынак, і хутка зьявіўся драўляны замак, якому яна дала назву «Ластаўчына гняздо».

Ластаўчына гняздо(XIX ст.)

Свой цяперашні выгляд «Ластаўчына гняздо» атрымала дзякуючы нафтаваму прамыслоўцу барону Штайнгелю. Ён займаўся бакінскай нафтай, а адпачываць яму падабалася ў Крыме. Нямецкі выгляд «Ластаўчына гнязда» моцна нагадвала сярэднявечныя замкі радзімы барона. Ён набыў на скалы Аўроры дачны ўчастак і вырашыў пабудаваць там рамантычны замак, які нагадвае сярэднявечныя будынкі на берагах Райну. Праект новага будынка быў замоўлены інжынэру і скульптару Леаніду Шэрвуду, сыну архітэктара Ўладзімера Шэрвуда, аўтара Гістарычнага музэю на Чырвонай плошчы ў Маскве. Ужо ў 1912 годзе на цеснай пляцоўцы стаяў арыгінальны гатычны замак. Задуманая архітэктарам прыступкавая кампазыцыя выходзіла з малых памераў участку. Будынак 12-мэтровай вышыні разьмяшчаўся на падмурку плошчай 10 на 20 мэтраў. Унутраная прастора мела такі выгляд: пярэдні пакой, гасьцёўня, лесьвіца і дзьве спальні пасьлядоўна разьмяшчаліся ў двухпавярховай вежы, якая ўзвышалася над скалой, побач, на краю на кавалачку зямлі, што застаўся, быў сад, але праз 15 гадоў землятрус абрынуў гэтую частку ў ваду.

У пачатку Першай сусьветнай вайны маёнтак купіў маскоўскі купец П. Шалапуцін, што адкрыў у замку рэстаран. Але неўзабаве купец памёр, і рэстаран зачыніўся.

У 1927 годзе Ластаўчына гняздо амаль загінула падчас моцнага землятрусу. Былі два штуршкі сярод ночы. Першы — слабы, прымусіў людзей выйсьці з дамоў, што дапамагло пазьбегнуць шматлікіх ахвяраў. Другі штуршок меў магнітуду дзевяць балаў. Менавіта «гняздо» вытрымала, але пацярпела скала-падмурак. Глыбокая касая шчыліна прайшла ад яе верхняй пляцоўкі да сярэдзіны, так што замак мог у любы момант абрынуцца. Аднак частка апорнай скалы абрынулася ў мора, і назіральная пляцоўка навісла над прорвай. Сам будынак амаль не пацярпеў, калі не лічыць сарваных шпілем і адарваных кавалкаў скалы пад ніжнім бальконам. Аднак у сьценах зьявіліся расколіны, таму стан палацу прызналі аварыйным, зачыніўшы доступ да яго на нявызначаны тэрмін.

У 1930-я гады ў будынку знаходзілася чытальная зала мясцовага Дома адпачынку, але неўзабаве памяшканьне зачынілі праз аварыйнасьць. Адна з прапановаў па рамонце прадугледжвала радыкальныя захады — разабраць замак, пранумараваць камяні і пліты і скласьці ў ранейшым парадку на новым бясьпечным месцы.

Ластаўчына гняздо (сучаснасьць)

Толькі ў 1967—1968 гадах, праз сорак гадоў пасьля землятрусу, рабочыя «Ялтаспэцбуду» выканалі гэты рамонт, не разьбіраючы сьценаў. Апэрацыяй кіраваў архітэктар І. Г. Таціеў. Аднаўленчыя работы, распачатыя ў 1968 годзе, былі накіраваныя на ўмацаваньне падмурку, частковае перайначваньне фасаду і ўнутраных памяшканьняў. Аўтар праекту рэстаўрацыі, ялцінскі канструктар Ст. Д. Цімафееў, пасадзіў крайні блёк будынку на кансольную жалезабэтонную пліту, заведзеную пад цэнтральны аб’ём. Такім чынам замацаваная крайняя частка дома засталася вісець над скалой, што раней абрынулася. Акрамя маналітнай пліты, увесь будынак абнесьлі антысэйсьмічнымі пасамі.

Сёньня адноўлены замак афіцыйна прызнаны помнікам архітэктуры XX стагодзьдзя.

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1987 годзе на тэрыторыі Ластаўчынага гнязда праводзіліся здымкі савецкага фільму рэжысэра Станіслава Гаварухіна па матывах раману ангельскай пісьменьніцы Агаты Крысьці «Дзесяць негрыцят».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ластаўчына гняздосховішча мультымэдыйных матэрыялаў