Крыж Сьвятога Бэнэдыкта
Крыж Сьвятога Бэнэдыкта, Мэдальён Сьвятога Бэнэдыкта — каталіцкая сакрамэнталія, якая зьмяшчае сымбалі і надпісы, зьвязаныя з жыцьцём сьвятога Бэнэдыкта Нурсійскага (на авэрсе), а таксама Крыж зь першымі літарамі словаў з малітвы аб экзарцызьме (Рэвэрс).
Звычайна ён вырабляецца ў выглядзе невялікага мэдаліка, прызначанага ў асноўным для нашэньня на шыі, але часам сустракаюцца і вялікія мэдалі і мэдальёны, падвешаныя на сьценах або разьмешчаныя ў розных месцах як аб’ект рэлігійнага культу. Можа быць таксама элемэнтам ружанцу.
Выкарыстоўваецца прынамсі з XVII стагодзьдзя. Павінен прыносіць мноства ласкаў і дабраславеньняў, у тым ліку прадухіліць духоўныя і фізычныя небясьпекі, асабліва зьвязаныя зь вядзьмарствам, атручваньнем і спакусай сатаны.
Гісторыя і паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле некаторых традыцый гэты мэдаль паходзіць з тых часоў, у якія жыў сьв. Бэнэдыкта. У цэлым, аднак, ён стаў вядомы ў XI стагодзьдзі дзякуючы цудоўнаму аздараўленьню маладога чалавека, якога ўкусіла зьмяя. Ніякія лекі не дзейнічалі, і пацыент ужо быў у агоніі. Потым у сьне ён убачыў старога, у якім пазнаў сьв. Бэнэдыкта. Сьвяты дакрануўся да сваёй раны з крыжам у руцэ, і хвароба зьнікла бязь сьледу. Неўзабаве гэты чалавек стаў манахам, і пазьней узышоў на папскі трон як Леў IX, а пасьля сьмерці таксама быў абвешчаны сьвятым. Ён прапагандаваў культ сьв. Бэнэдыкта.
У XII стагодзьдзі ў Баварыі некалькі жанчын былі арыштаваныя за вядзьмарства, іх абвінавачвалі ў спробах нанясеньня шкоду жыхарам Натрэмбергу. Падчас суду яны казалі, што іх магічныя дзеяньні супраць Метэнскага кляштара былі зусім неэфэктыўнымі, бо манахі разьмясьцілі мэдаль сьв. Бэнэдыкта. У выніку іх працэсу ўзрос культ мэдаля з выявай сьв. Бэнэдыкта з крыжам у руцэ.
Выгляд мэдальёну (мэдаліка)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Папа Бэнэдыкт XIV у 1742 годзе ў дакумэнце ў форме папскага брэвэ зацьвердзіў выявы і тэксты, якія павінны быць зьмешчаны на Крыжы сьвятога Бэнэдыкта.[1].
На авэрсе мэдальёну, паводле папскага брэва, знаходзіцца выява сьв. Бэнэдыкта.
- Манах апрануты ў манаскі строй з капюшонам.
- У правай руцэ манах трымае крыж, а ў левай — кнігу, статут Ордэну.
- На мэдалі таксама зьмяшчаецца надпіс: Crux Sancti Patris Benedicti (Крыж Сьвятога Айца Бэнэдыкта).
- Ля ног сьвятога знаходзяцца крумкач і мітра, сымбаль улады манаскага абата.
Рэверс мэдальёну зьмяшчае:
- Крыж па цэнтру і літары: CSPB — разьмешчаныя ў чатырох палях, падзеленых крыжам. Літары складаюцца са скарачэньня словаў Crux Sancti Patris Benedicti (Крыж Сьвятога Айца Бэнэдыкта).
- Над крыжам — манаграма Езуса "IHS" (грэц.: IHΣΟΥΣ) альбо крыжык.
- На вэртыкальнай бэльцы крыжа напісаны літары: CSSML, што азначае: Crux Sacra Sit Mihi Lux (Крыж Сьвяты няхай будзе мне сьвятлом), а на гарызантальнай бэльцы літары „NDSMD“, якія азначаюць Non Draco Sit Mihi Dux (Няхай цмок (маецца на ўвазе злы дух) нябудзе маім правадыром).
- З правага баку мэдальёну напісаны літары VRSNSMV — SMQLIVB. Гэтая абрэвіятура азначае: "Vade Retro Satana, Numquam Suade Mihi Vana - Sunt Mala Quae Libas, Ipse Venena Bibas" (Ідзі прэч (адыдзі), сатана, не спакушай мяне да марнасьці. Злое ты прапануеш, сам пі атруту).
Новы ўзор мэдальёну
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1880 годзе, калі адзначалася 1400-годзьдзе з дня нараджэньня сьвятога Бэнэдыкта, зьявілася новая вэрсія Крыжа[2], якая нязначна адрозьніваецца ад апісаньня, пададзенага ў брэвэ папы Бэнэдыкта XIV[3].
Так, на авэрсе зьявіўся келіх са зьмяёй, якая зь яго выпаўзае, пад кнігаю — воран побач з боханам хлеба, а за сьвятым Бэнэдыктам — штосьці накшталт алтара. Новыя элемэнты сымбалізуюць матывы з жыцьця сьвятога. Вакол выяваў зьмешчаны надпіс на лацінскай мове: Eius in obitu nostro praesentia muniamur (Няхай яго прысутнасьць абараняе нас у хвіліну адыходу (сьмерці))[4].
Рэвэрс быў графічна перапрацаваны з захаваньнем усіх скарачэньняў. Толькі манаграма Езуса IHS была заменена лацінскім словам PAX — «супакой», што зьяўляецца разам з заклікам Ora et labora — «Маліся і працуй» — адным з дэвізаў ордэна бэнэдыктынаў. Такую замену тлумачаць тым, што ў тэксьце экзарцызму няма непасрэднага звароту да Хрыста, з-за чаго Яго манаграма абавязкова павінна была б прысутнічаць на Крыжы сьвятога Бэнэдыкта.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ The Medal or Cross of St Benedict, liturgialatina.org
- ^ „Święty Benedykt”, o. Paweł Szczaniecki, 1987
- ^ Medalik Krzyż św. Benedykta: Wątpliwości odnośnie nowego wzoru, blogspot.com
- ^ „Medalik świętego Benedykta”, Szymon Hiżycki OSB, TYNIEC Wydawnictwo Benedyktynów, Kraków 2003
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыж Сьвятога Бэнэдыкта, Каталіцкія мэдалікі. Клясыфікацыя і апісаньне
- Крыж святога Бэнэдыкта абараняе ад сатаны і ўсялякага зла, Паводле: The Medal or Cross of S. Benedict, its origin, meaning, and privileges, by Dom P. Guéranger / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
- Historia i znaczenie medalika św. Benedykta — O. Opat Szymon Hiżycki OSB
- IHS czy PAX? Przypomnienie w sprawie medalika św. Benedykta– Opactwo Benedyktynów w Tyńcu
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|