Перайсьці да зьместу

Кодэкс Gigas

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кодэкс Gigas
Кодэкс, разгорнуты на 290-й старонцы
поўная назва Codex Gigas
іншыя назвы Д’ябальскі кодэкс
тып ілюстраваны рукапіс
месца напісаньня Подлажыцкі кляштар
мова напісаньня лацінская
час напісаньня XIII стагодзьдзе
аб’ём (старонак) 640 старонак
матэрыялы пэргамэнт
памеры 91,5×22 см
вага 75 кг
ўэб-спасылка http://www.kb.se/codex-gigas/

«Ко́дэкс Gigas» (па-лацінску: Codex Gigas — гіганцкі кодэкс) — адзін з найбольшых сярэднявечных рукапісаў[1], якія дайшлі да нашага часу, створаны ў пачатку XIII стагодзьдзя ў бэнэдыктынскім кляштары(cs) чэскага места Подлажыцы(cs) (цяпер — у складзе места Храсту).

Адна з назваў рукапісу — Д’ябальская Біблія — паходзіць ад вялікай выявы д’ябла і легенды пра стварэньне манускрыпту. Сыходзячы з пазнакаў на адной са старонак кнігі, можна заключыць, што праца была скончаная ў 1230 року. Імаверна, уся праца праведзеная адным чалавекам, на што спатрэбілася ад 20 да 30 гадоў.

Паводле легенды, «Codex Gigas» створаны манахам-перапісчыкам дзякуючы дапамозе д’ябла. Манах нібыта зьдзейсьніў сур’ёзнае злачынства і ў якасьці пакараньня за свае грахі абяцаў настаяцелю за адну ноч напісаць і ўпрыгожыць мініятурамі збор усіх чалавечых ведаў, што праславіць кляштар на стагодзьдзі. Аднак каля апоўначы ён зразумеў, што ня справіцца з узятым на сябе зарокам у адзіночку і прадаў душу д’яблу ў абмен на дапамогу. На 290-й старонцы кнігі красуецца адна з самых знакамітых выяваў д’ябла, створаных у Сярэднявеччы.

Старонка 290 «Codex Gigas», якая зьмяшчае выяву д’ябла

Магчымым аўтарам кодэксу ёсьць Герман Пустэльнік(en) з бэнэдыктынскага кляштара ў Подлажыцах ля Хрудзіму. Кляштар быў цалкам разбураны падчас рэлігійных войнаў XV стагодзьдзя. Пасьля гэтага кодэкс быў перададзены на захаваньне Сэдлецкаму кляштару цыстэрцыянаў, а пазьней выкуплены бэнэдыктынцамі Бржэўнаўскага кляштару. У 1477—1593 ён захоўваўся ў бібліятэцы кляштара ў Броўмаве. У 1594 року імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Рудольф II (ён валодаў і Багеміяй) зацікавіўся «Гіганцкім кодэксам» з акультысцкага пункту гледжаньня і перавёз фаліянт у свой Праскі замак.

У канцы Трыццацігадовай вайны ў 1648 рукапіс як ваенны трафэй забралі адтуль швэдзкія войскі. З тых часоў рукапіс знаходзіцца ў Швэдзкай Каралеўскай бібліятэцы ў Стакгольме[1]. 7 траўня 1697 кніга ледзь не згарэла падчас моцнага пажару ў Каралеўскім замку, яго здолелі ўратаваць, толькі выкінуўшы з вакна. Пры гэтым асобныя аркушы зьніклі і дагэтуль ня знойдзеныя[2].

У верасьні 2007 року манускрыпт упершыню экспанаваўся на сваёй радзіме — у Празе[3][4].

Узор асадкі кодэксу

Манускрыпт напісаны лацінай. Ён зьмяшчае суму ведаў манахаў Бэнэдыктынскага ордэна на пачатак XIII стагодзьдзя: поўны тэкст Старога і Новага Запаветаў, «Этымалёгію» Ісыдора Сэвільскага — усе 20 кніг, «Юдэйскія старажытнасьці» й «Юдэйскую вайну» Ёсіфа Флявія, «Чэскую хроніку» Казьмы Праскага, некалькі трактатаў разнастайнай тэматыкі, сьпіс насельнікаў бэнэдыктынскага кляштару, «Люстэрка грэшніка», замовы, каляндар зь сынодыкам і некаторыя іншыя запісы. Апошні запіс у кодэксе адносіцца да 1229 року.

Тэкст Бібліі характэрны, бо Дзеі апосталаў і Адкрыцьцё прадстаўленыя ў старалацінскай вэрсіі, узыходзячай да IV стагодзьдзя і блізкай да той, якой карыстаўся сардзінскі біскуп Люцыпар Калярыйскі (355—362 гг.).

Першапачаткова рукапіс меў 640 старонак in folio, зь іх 624 захаваліся да нашага часу ў добрым стане. Пры стварэньні манускрыпту было выкарыстана 160 асьліных скураў, зь якіх вырабілі 320 пэргамэнтных аркушаў. Вышыня кожнай старонкі — 915 мм, шырыня — 508 мм. Таўшчыня кнігі — 22 см, а вага — 75 кг.

Кодэкс багата ілюмінаваны. У асноўным аздабляльнік выкарыстоўваў чырвоную, сінюю, жоўтую, зялёную фарбы і пазалоту. Пачатковыя буквіцы кожнага тэксту шыкоўна аформленыя, часам займаюць цэлую старонку. Афармленьне і почырк адзіныя па ўсім кодэксе.

  1. ^ а б [www.kb.se/codex-gigas/eng/Long/ Read more] (анг.) Codex Gigas. National Library of SwedenПраверана 13 траўня 2016 г.
  2. ^ The Stockholm Castle fire of 1697 (анг.) Codex Gigas. National Library of Sweden. Праверана 13 траўня 2016 г.
  3. ^ Return of the Devil’s Bible to Prague draws crowds of curious Czechs (анг.). The Canadian Press (24 верасьня 2007). Праверана 13 траўня 2016 г. Архіўная копія
  4. ^ Lazarová, Daniela (5 кастрычніка 2007) Borrowing the Devil's Bible (анг.). Radio Praha. Праверана 13 траўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]