Казьма Праскі
Казьма́ Пра́скі (па-чэску: Kosmas Pražský, па-лацінску: Cosmas Pragensis; к. 1045 — 21 кастрычніка 1125) — багемскі сьвятар, пісьменьнік, гісторык.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Багеміі, паходзіў з заможнага роду. У 1075—1081 навучаўся ў Льежы. Вярнуўшыся ў Багемію, стаў сьвятаром і ажаніўся з Бажацэхай. У 1086 быў прызначаны канонікам праскім. У сьвіце нямецкага імпэратара Генрыха IV наведаў Вугоршчыну, Нямеччыну, Італію. Ад 1110 — дэкан сабору сьв. Віта.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ягоны magnum opus «Chronica Boëmorum» («Багемская хроніка»), напісаны па-лацінску, зьмяшчае багаты і разнастайны матэрыял і зьяўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі Чэхіі. «Хроніка» складаецца з трох кнігаў:
- Першая, скончаная ў 1119, пачынаецца ад стварэньня сьвету і сканчаецца 1038 рокам. У ёй апісанае легендарнае заснаваньне Багемскай дзяржавы першымі багемцамі каля 600 року (князь Багемус, князь Крок з трыма дочкамі), княгіня Лібушэ і заснаваньне дынастыі Пржэмыславічаў празь ейны шлюб з Пржэмыслам, даўнія крывавыя войны, князь Барывой і прыняцьце хрысьціянства ў Багеміі, сьвяты Вацлаў і ягоная бабуля сьвятая Людміла, валадараньне трох Балеславаў, жыцьцё сьвятога Адальбэрта і крывавыя войны пасьля 1000 року.
- Другая кніга апісвае гісторыю Багеміі у 1038—1092. Пачынаецца кніга апісаньнем гераічных дзеяў князя Браціслава, вядомага як «Багемскі Ахіл», напрыклад за сваю перамогу над Польшчай. «Хроніка» таксама апісвае доўгае і велічнае валадараньне караля Враціслава, магутнага ўладара ды адважнага чалавека. Згаданыя і ягоныя войны ў Італіі, а сканчаецца кніга ягонай сьмерцю.
- Трэцяя кніга (1092—1125) пачынаецца з апісаньня часоў узрушэньняў і крывавых грамадзянскіх войнаў 1092—1109 рокаў пасьля Враціслававай сьмерці. «Хроніка» сканчаецца панаваньнем Уладзіслава ў 1109—1125. Таго ж 1125 року памёр і сам Казьма.
«Ческая хроніка» Казьмы нароўні з «Аповесьцю мінулых часоў» Нестара Летапісца і «Хронікай і дзеяньнямі князёў або валадароў польскіх» Гала Ананіма маюць фундамэнтальнае значэньне для славянскай культуры.