Перайсьці да зьместу

Кніга прарока Міхея

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Старога Запавету

Кніга прарока Міхея


Пяцікніжжа Майсеева
Прарокі
Пісаньні

Кні́га праро́ка Міхе́я — 20-я частка Танаху, 33-я кніга Бібліі, частка Старога Запавету.

Імя Міхей на іўрыце азначае «хто падобны да Бога». Ён паходзіў з Марасфіта-Гада, земляробчага мястэчка між Хэўронам і Газай. Міхей был сучасьнікам Асіі і Ісаі, ды хутчэй быў бліжэйшы да апошняга. Казань Міхея супраць несправядлівасьці (3:8) прывяла да пакаяньня Езэкію і такім чынам уратавала Ерусалім (Ер. 26,17-19).

Міхей прарочыў у часы валадараньня Ёатама (750—735 да н. э.), Ахаза (735—715 да н. э.) і Езэкіі (715—686 да н. э.). У той час нарастала сацыяльная няроўнасьць, шчыльна зьвязанная з узрослай карумпаванасьцю ўлады. Бог выкарыстоўваў Асірыю супраць Свайго грэшнага народу: асірыйскі цар Салманасар (727—722 да н. э.) зруйнаваў Самарыю ў 722 да н. э. (4 Цар. 17, 1-6), Юдэя выпрабавала на сабе ўсю моц Боскага асуджэньня, калі асірыйскі цар Сэнахірым (705—681 да н. э.) прайшоў праз Шафэлу (прыгор’е ў заходняй частцы Юдэиі) да самай брамы Ерусаліму. Калі Езэкія пакаяўся, Госпад перастаў сердаваць на Юдэю (Ер. 26, 18—19).

Кніга Міхея закранае тэмы, звычныя для большасьці прарочых кніг: пакараньне за правіны народу, прычынай якога стала карумпаванасьць і распуснасьць валадароў; казань супраць сацыяльнай несправядлівасьці; прыход шчаснага Мэсіянскага царства. Аднак асабліва яскрава ў ёй выказаная думка, што адданыя мусяць ускласьці свае спадзяваньні толькі на Бога і перастаць спадзявацца на плады сваёй працы і пакланяцца ім.

Правіны і пакараньне Ізраіля і Юды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел пачынаецца з агульных абвінавачаньняў і прадказаньня зруйнаваньня, імаверна, асірыйскага. Абвяшчэньне Боскага суду і сымбалічнае бачаньне Бога, які зрынае Ўласнае стварэньне (3—4); абвінавачаньне супраць сталіцаў ізраільскіх (5); Бог пакарае Самарыю зруйнаваньнем (6—7); Юду таксама чакае падзеньне і паланеньне.

У другім разьдзеле вядзецца пра канкрэтнае абвінавачаньне ў прыгнёце ўбогіх і безабаронных: «тыя, якія намышляюць беззаконьне», крывадушна захопліваюць чужую маёмасьць і рабуюць ейных уласьнікаў (1—2). Госпад за гэта пакарае іх палонам (3) і, як вынік, яны страцяць свае землі, якія будуць заваяваныя іншапляменцамі (4), і рабаўнікі будуць прысуджаныя да вечнай згубы (5).

Міхей адрынае патрабаваньне ілжэпрарокаў спыніць прарочыць (6); Госпад высьвядчае аблудныя ўяўленьні пра Ягоную мілату (7) і вінаваціць дужых у эксплёатацыі безабаронных (8—9); Госпад прыгаворвае да выгнаньня тых, хто зрабіў краіну нячыстай (10); Міхей вінаваціць дужых у спагаднасьці да манюкоў, якія апраўдваюць іхнія злачынствы (11).

Два апошнія вершы — абяцаньне аднаўленьня рэшты Ізраілю.

Трэці разьдзел утрымлівае абвінавачаньні супраць:

  • князёў, што ўціскаюць народ (1—4), прарок прыпадабняе іх да людажэраў
  • ілжэпрарокаў (5—7), што прапаведуюць дзеля выгадаў
  • сьвятароў, што дзеля выгадаў грэбуюць сваім абавязкам

Усім ім супрацьпастаўляе сябе Міхей, вінавацячы прарокаў, князёў і сьвятароў у карумпаванасьці, за якую будзе зруйнаваны Ерусалім, а Сіён будзе ўзараны (3:12)

Прароцтва пра апошнія дні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе народы зьбяруцца ў Ерусалім, і надыдзе час міру і закону. Ерусалім будзе зруйнаваны, і адноўлены, і пераможа шматлікія народы. Рэшта станецца магутным народам (6—7), і Сіён зноўку будзе валадарыць (8).

Бог прадвызначыў цяперашняму ліху Ізраіля абараціцца ягоным галоўным уратаваньнем: вызваленьнем з бабілёнскага палону.

Будучы цар з Бэтлеему. Ягонае прышэсьце супастаўленае з прыніжэньнем існых валадароў, а пасьля — пра перамогу Мэсіі (5:1—3) і ўрачыстасьць Ягонай найвышэйшай улады (5:4—6). Рэшта Ізраілю стане ў руцэ Божай зброяй жыцьця і сьмерці (7—8), Бог ачысьціць Свой народ (10—14) і разбурыць паганскія народы (15). Выратаваньне ад Бога прыйдзе, калі Ягоны народ пазбавіцца ад славалюбства і непраўдзівай надзеі на моц зброі (10—11), ад чарадзейніцтва (12) і пакланеньня балванам (13), і такім чынам зважыць свае надзеі адно на Госпада.

Разьдзел прысьвечаны Суду, на якім Госпад выступае як пазоўца, Міхей — як Ягоны прадстаўнік, горы — як сьведкі, а Ізраіль — як абвінавачваны. Госпад вінаваціць Ізраіль у няўдзячнасьці (3) і заклікае народ успомніць пра выратавальныя дабрадзействы Боскія, якія выліліся на яго ў пэрыяд ягонага станаўленьня, ад выхаду з Эгіпту да ўваходу ў зямлю абяцаную (3—5).

На абвінавачаньне адказвае адзін зь пэўных, ён прызнаецца, што ягоныя ахвяры несупастаўныя з уладаю і веліччу Бога. Госпад адказвае, што ня цэласпаленьні, а справядлівасьць — умова выкупленьня і дараваньня Ягонай выратавальнай блізкасьці (6—8). Далей ідзе зварот да Ерусаліму (9), абвінавачваньне ў выкарыстаньні падманных мераў (10—11) і прамоваў (12), а пасьля паведамляецца пра асуджэньне на хваробы і зруйнаваньне (13), цялесныя немачы (14) і разрабаваньне ўраджаю (15).

Разьдзел пачынаецца з плачу (1—6), які зьмяшчае абвінавачаньні народу ў злачынствах і непраўдзівым жыцьці, а прарок спадзяецца адно на Бога і на Яго Аднаго спадзяецца (7).

Сканчае разьдзел і кнігу гімн перамогі, поўны спадзяваньняў на выкананьне Госпадам Богам Ягоных запаветаў.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга прарока Міхеясховішча мультымэдыйных матэрыялаў