Кабзар (кніга)
Кабзар (кніга) | |
па-ўкраінску: Кобзар | |
першае выданьне «Кабзара», 1840 | |
Жанр: | паэзія |
---|---|
Аўтар: | Тарас Шаўчэнка |
Мова арыгіналу: | украінская мова |
Публікацыя: | 1840 |
Электронная вэрсія |
«Кабза́р» (па-ўкраінску: Кобза́р) — назва зборніку паэтычных твораў Тараса Шаўчэнкі на ўкраінскай мове. Першапачатковае значэньне слова кабзар — украінскі народны пясьняр і музыка, які акампануе сабе на кобзе (бандуры)[1]. У наш час пад назвай «Кабзар» разумеюць усе вершаваныя творы Шаўчэнкі, аднак «Кабзар» утрымлівае толькі частку яго паэзіі.
Упершыню «Кабзар» быў выдадзены ў 1840 годзе ў Санкт-Пецярбургу пасьля вяртаньня Шаўчэнкі з высылкі пры садзейнічаньні Яўгена Грабінкі. У зборнік увайшло ўсяго восем твораў: «Перебендя», «Катерина», «Тополя», «Думка» («Нащо мені чорні брови»), «До Основ’яненка», «Іван Підкова», «Тарасова ніч» і «Думи мої, думи мої, лихо мені з вами», які быў напісаны адмыслова для гэтага зборніку і зьяўляецца своеасаблівым эпіграфам ня толькі да гэтага выданьня, але і да ўсёй творчасьці Тараса Шаўчэнкі. Кніга была надрукаваная ў тыпаграфіі Ягора Фішэра ў колькасьці 1000 штук. Існуе два варыянты выданьня — з колькасьцю старонак 106 і 116. Гэта зьвязана з тым, што першы наклад выйшаў практычна не цэнзураваны. Зборнік набыў вялікую папулярнасьць з-за свайго антыімпэрскага напрамку, пасьля астатнія экземпляры надрукаваныя з купюрамі. Другое выданьне выйшла ў 1844 годзе, трэцяе — у 1860 ў друкарні Панцеляймона Куліша і было больш поўным[2]. У 1962 годзе выйшла факсыміле першага выданьня з пасьляслоўем Васіля Барадзіна.
Пасьля выданьня гэтага зборніку самога Тараса Шаўчэнку пачалі называць Кабзарам. Ён нават сам пазьней у некаторых сваіх аповесьцях пачынаў падпісвацца «Кабзар Дармаграй».
На беларускай мове асобнай кнігай выдаваўся ў 1939 (паэмы «Гайдамакі», Сьлепая, «Ведзьма», «Пятрусь», Неафіты, «Марыя»; пад рэд. Я. Купалы і Я. Коласа)[3][4], 1952 гадох[5]. Якуб Колас пераклаў 16 твораў Шаўчэнкі[6]. У 2014 годзе тэкст «Кабзара» выйшаў у кнізе «І мёртвым, і жывым, і ненароджаным…».
У 1863 годзе выдадзены пераклад на польскую мову ў перакладзе Уладзіслава Сыракомлі[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Саламевіч У. І. Кабзар // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 386.
- ^ 1840 - перше видання "Кобзаря" Тараса Шевченка (укр.). Український інститут національної пам'яті (14 лютага 2019).
- ^ Шэўчэнка, Т. Кабзар. — Менск: Мастацкая літаратура, 1939. — 287 с.
- ^ Кніга «Кабзар» - Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь
- ^ Шэўчэнка, Т. Кабзар. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1952. — 615 с.
- ^ Т. Шаўчэнка. «Кабзар» Праверана 22 сакавіка 2022 г.
- ^ Kobzarz Tarasa Szewczenki / z małorossyjskiego spolszczył Władysław Syrokomla. — Wilno: Nakładem A. Assa, 1863. — 120 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шэўчэнка, Т. Кобзарь. — Санкт-Петербург: Тіп. Е. Фишера, 1840. — 115 с.