Перайсьці да зьместу

Загрос

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Загрос

Загрос (па-пэрсыдзку: زاگرۆس‎) — горная сыстэма ў Іране, на паўднёвым захадзе Іранскага нагорʼя. Даўжыня 1600 км, шырыня 200—300 км, пераважная вышыня 2000—3000 м, найбольшая (г. Зердкух) — 4548 м.

Геалёгія й рэльеф

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скальная сыстэма з 15-20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і падзелены падоўжнымі й папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цясьнінамі й катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мэзазою й кайназою. Пашыраны карст. У цэнтральнай частцы й на паўночным усходзе агаляецца дамезазойскі фундамэнт зь вялікімі салянымі купаламі. Радовішчы нафты. У паўночна-заходніх адгорʼях бярэ пачатак рака Кызылузен.

Клімат і расьліннасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дуб Quercus brantii ў Загросе

Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ляндшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Заходняя частка сярэдняга пояса найбольш вільготная (лясы й рэдкалесьсі з дубу, вязу, клёну й інш.); вышэй — альпійскія лугі й нізкарослая хмызьняковая расьліннасьць. Дуб Quercus brantii займае больш за 50 % лясоў Загроскага ляснога раёна й зьяўляецца самым важным відам дрэваў Загросу[1]. Сярод жывёл закаўказскі горны баран.

  1. ^ Plant species in Oak (Quercus brantii Lindl.) understory and their relationship with physical and chemical propertiesof soil in different altitude classes in the Arghvan valley protected area, Iran. Caspian Journal of Environmental Sciences, 2013, Vol. 11 No.1, pp. 97~110. Праверана 10 April 2014 г. Архіўная копія ад 3 красавіка 2015 г.