Друшляк
Друшляк (ад ням. durchschlagen — прабіваць наскрозь) — прадмет кухоннай справы ў выглядзе маленькага рондаля або каўша з адтулінамі на дне (а часам і па бакох).
Друшляк шырока выкарыстоўваецца на кухні пры падрыхтоўцы страваў. Ён прызначаны для разьмежаваньня вадкасьці ад цьвёрдых рэчываў, напрыклад, пасьля варэньня макаронаў, круп, бульбы і інш. Таксама друшляк выкарыстоўваецца для мыцьця і прамываньня ягадаў, грыбоў, дробнае садавіны і агародніны, а таксама адзяленьня тварогавай сыроваткі.
Часьцей за ўсё друшляк вырабляюць зь лёгкага мэталу, напрыклад, алюміну. Таксама ёсьць сталёвыя друшлякі, пакрытыя эмальлю, і друшлякі зь нержавейнаю стальлю. Часам выкарыстоўваецца і плястмаса, але такія друшлякі не рэкамэндуецца ўжываць для працэджваньня гарачае прадукцыі.
Часта друшлякі вырабляюцца з адной доўгай ножкай або двума кароткімі вушкамі, разьмешчанымі на процілеглых баках.