Вэнэра Мілёская
| |
Агесандр (Александрас) Антыяхійскі | |
Вэнэра Мілёская, аля 130—100 да н.э. | |
Мармур. Вышыня: 2,02 м | |
Люўр, Парыж |
«Вэнэра Мілёская» (Афрадыта з вострава Міляс) — старажытнагрэцкая скульптура, створаная прыблізна паміж 130 і 100 гадамі да нашай эры.
Гісторыя стварэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шматлікія заваяваньні Аляксандра Македонскага спрыялі распаўсюду грэцкай культуры далёка за межамі Эляды. З гэтага часу непасрэднымі суседзямі Грэцыі стала мноства розных народаў. Гэта прынесла новы рэалізм у мастацтва таго пэрыяду. Мастакі сталі аддаваць перавагу выяве розных праяваў чалавечай прыроды. Нават статуі багінь мелі мелі постаць і твары чалавека.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статуя багіні каханьня Афрадыты (сярэдзіна II ст. да н. э.), зь белага мармуру. Лічыцца, што стваральнікам яе быў скульптар Агесандр (ці Аляксандрас) Антыяхійскі. Раней аўтарства прыпісвалася Праксытэлю.
Скульптура ўяўляе сабой тып Афрадыты Кнідскай (Venus pudica, Вэнэра сарамлівая): багіня прытрымлівае рукой адзеньне, якое звалілася зь яе (упершыню скульптуру такога тыпу вылепіў Праксытэль, каля 350 да н.э.). Прапорцыі — 86х69х93 пры росьце 164 см.
Гісторыя знаходкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Твор быў знойдзены ў 1820 годзе на востраве Міляс (ці Мэляс) — адным з Кіклядзкіх астравоў у Эгейскім моры пры наступных акалічнасьцях:
Францускі марак Аліўе Вут’е вырашыў, сышоўшы на бераг, пашукаць старажытнасьці (у той час усе кінуліся шукаць старажытнасьці) для продажу. Разам зь мясцовым селянінам Ёргасам Кентротасам ён адкапаў статую на развалінах старажытнага амфітэатру.
Вуцье паспрабаваў угаварыць капітана неадкладна плыць у Канстантынопаль, каб атрымаць дазвол на вываз, але капітан адмовіўся і Вуцье давялося адмовіцца ад знаходкі. Але іншы марскі афіцэр Жуль Дзюмон-Дэрвіль накіраваўся ў Канстантынопаль і здоляў атрымаць дазвол. Па вяртаньні ён знайшоў статую на расейскім судне, капітану якога адзін турэцкі ўраднік ужо заплаціў, за перавоз статуі ў Канстантынопаль. Пасьля цяжкіх перамоў зь мясцовымі ўладамі, Дзюмон-Дэрвіль дамогся выкупу статуі. Пазьней турэцкія ўлады, разлаваныя тым, што такая каштоўная знаходка пакінула іх дзяржаву, загадалі прылюдна адлупцаваць найбольш уплывовых жыхароў вострава Міляс.[1]
Рукі статуі былі згублены ўжо пасьля таго як яе знайшлі, у момант канфлікту паміж французамі, якія хацелі адвезьці яе ў сваю краіну, і туркамі (уладальнікамі вострава), якія зьбіраліся забраць Вэнэру сабе.
Клясыфікацыя і месцазнаходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статуя была набытая Люўрам ў 1821 годзе і ў наш час захоўваецца ў адмыслова падрыхтаванай для яе галерэі на 1-м паверсе. Код: LL 299 (Ma 399).
Напачатку статую аднесьлі да клясычнага пэрыяду (510—323 гг. да н. э.). Але выявілася, што са статуяй прывезьлі і пастамэнт, на якім было напісана, што Аляксандар сын Менідэса, грамадзянін Антыёхіі на Меандры, зрабіў гэту статую. І апынулася, што статуя адносіцца да эліністычнага пэрыяду (323—146 гг. да н. э.). Пасьля пастамэнт зьнік і дасюль яго ня могуць знайсьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ланди Э. «Тайная жизнь великих художников», М. 2011, ISBN 978-5-98697-228-2. стр. 94
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Вэнэра Мілёская» (фр.) у базе зьвестак Люўру
- Бязрукая Вэнэра Мілёская (200 год да нашай эры)