Бэнёўскі
Бэнёўскі | |
па-польску: Beniowski | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Юльюш Славацкі |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1840—1841 (няскончаная) |
Публікацыя: | 1841 |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Бэнёўскі» (па-польску: Beniowski) — няскончаная паэма Юльюша Славацкага, пяць першых песень якой былі напісаныя ў 1840—1841 гадох і апублікаваныя ў 1841 годзе. Астатнія часткі паэмы не былі выдадзеныя пры жыцьці паэта — выдаў іх Антоні Малецкі ў зборніку «Пасьмяротныя сачыненьні Славацкага» (польск. Pism posmiertnych Slowackiego)[1]. Паэма мусіла быць разьлікам Славацкага зь непрыязнай да яго літаратурнай крытыкай, а таксама голасам у спрэчцы паэта з Адамам Міцкевічам і яго прыхільнікамі[2], замалёўкай уласнае паэтычнае праграмы і спробай усталяваць сябе ў якасьці новага духоўнага правадніка польскага народу[3]. Гэта была таксама спроба паказаць свой асабісты вобраз былой польскасьці, які адрозьніваўся ад прадстаўленых у «Пане Тадэвушы» й папулярных раней «Помніках Сапліцы»[4]. Форма твору пазычаная з паэмы «Дон Жуан» Байрана[5].
Сюжэт твора распавядае пра падарожжы і лёс шляхціча Маўрыцыя Бэнёўскага, сапраўднай гістарычнай асобы, удзельніка Барскай канфэдэрацыі 1768 г., пазьней — вядомага падарожніка. Аўтар пераўтварае яго ў паўгалечнага дробнапамеснага шляхціча, пазбаўленага якое-кольвек рамантычнасьці. Славацкі адмаўляецца ад звыклай у рамантызме паэтызацыі герояў і падзеяў, ад традыцыйнага эпічнага наратыву[6]. Згодна з правіламі свабоднай (дэгрысыйнай) паэмы, фабула ахоплівае невялікую частку твора (каля 50%[3]); аўтар шматразова адыходзіць ад яе, каб акцэнтаваць уласную ўвагу на тэме актуальнага літаратурнага жыцьця і палітычнай сытуацыі. Твор напісаны актавамі па ўзору «Дон Жуана» Байрана.
У V песьні Славацкі выступае ў працьборства зь першым паэтам Польшчы. Ён прызнае веліч Міцкевіча, але падкрэсьлівае ўласную магутнасьць, якая дазваляе нароўні змагацца зь «літоўскім богам»[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Juliusz Kleiner: Wstęp. W: Juliusz Słowacki: Beniowski. Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, ss. XLI (пол.)
- ^ Juliusz Kleiner: Wstęp. W: Juliusz Słowacki: Beniowski. Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, ss. XVII—XXV. (пол.)
- ^ а б Alina Witkowska, Ryszard Przybylski: Romantyzm. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1999, s. 348. ISBN 83-01-12108-4. (пол.)
- ^ Juliusz Kleiner: Wstęp. W: Juliusz Słowacki: Beniowski. Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, ss. XXV—XXVI. (пол.)
- ^ Juliusz Kleiner: Wstęp. W: Juliusz Słowacki: Beniowski. Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, ss. XXVIII. (пол.)
- ^ а б Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С. 147—148 (рас.)