Антыбіётык
Антыбіётык (ад старагрэцкага: Ἀντί — anti — супраць, βίος — bios — жыцьцё) — рэчывы прыроднага ці паўсынтэтычнага паходжаньня, якія патлумляюць рост жывых вузаў, часьцей за ўсё пракарыятычных або найпрасьцейшых. Антыбіётыкі прыроднага паходжаньня часьцей за ўсё прадукуюцца актынаміцэтамі, радзей — неміцэліяльнымі бактэрыямі. Як правіла, антыбіётыкі вылучаюць з жывых бактэрыяў або грыбоў. Існуе таксама вялікая колькасьць сынтэтычных антыбіётыкаў, якія адрозьніваюцца мадыфікацыямі функцыянальных групаў прыродных антыбіётыкаў. Такія мадыфікаваныя злучэньні часьцяком зьяўляюцца больш эфэктыўнымі або ўстойлівымі да нэўтралізацыі, якая ўзьнікае з прычыны набытай мікраарганізмамі рэзыстэнтнасьці. Паводле хімічнай структуры антыбіётыкі аб’ядноўваюць розныя групы злучэньняў. У прыватнасьці, злучэньні, якія блякуюць біясынтэз бялку на рыбасомах, злучэньні, якія ўтвараюць іёна-прапушчальныя каналы ў плязматычнай мэмбране і іншыя.
Характэрнай асаблівасьцю антыбіётыкаў зьяўляецца іхная здольнасьць узбуджаць пэўныя зьвёны абмену рэчываў мікраарганізмаў або дзеяньне некаторых іхных фэрмэнтаў. Яшчэ ў 1868—1871 гады расейскі лекар Вячаслаў Манасеін назіраў антымікробныя ўласьцівасьці цьвілі пэніцыліну, а Аляксей Полацебнаў ужываў яе пры лячэньні гнойных ранаў. У канцы XIX стагодзьдзя Ільля Мечнікаў усталяваў, што некаторыя бактэрыі, як то малочнакіслыя, душаць разьвіцьцё гніласных бактэрыяў. Ён упершыню прапанаваў выкарыстоўваць для барацьбы з хваробатворнымі мікраарганізмамі іхных антаганістаў. У 1928 годзе шатляндзкі навуковец Аляксандар Флемінг выявіў антыбактэрыйнае дзеяньне цьвілі Penicillium notatum , а ў 1940 годзе Гаўард Флоры здабыў ўстойлівы прэпарат пэніцыліну. Паглыбленае вывучэньне антыбіётыкаў пачалося ў 1940-х гадох пасьля вылучэньня пэніцыліну і стрэптаміцыну. Антыбіётыкі выкарыстоўваюцца ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і расьлінаводзтве для барацьбы з інфэкцыйнымі хваробамі; ў жывёлагадоўлі — як стымулятары росту маладняку, у харчовай прамысловасьці — дзеля падаўжэньня тэрміну захоўваньня некаторых прадуктаў харчаваньня. Некаторыя антыбіётыкі істотна патлумляюць рост і размнажэньне бактэрыяў і пры гэтым адносна мала пашкоджваюць або зусім не пашкоджваюць вузы макраарганізму, і таму ўжываюцца ў якасьці лекавых сродкаў. Некаторыя антыбіётыкі выкарыстоўваюцца ў якасьці цытастатычных (проціпухлінных) прэпаратаў пры лячэньні анкалягічных захворваньняў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антыбіётык на Open Directory Project
- Агульныя асаблівасьці антыбактэрыяльных лекаў