Гарлачык белы
| Гарлачык белы | |
| Клясыфікацыя | |
|---|---|
| Царства | Расьліны |
| Аддзел | Кветкавыя |
| Кляса | Двухдольныя |
| Атрад | Гарлачыкакветныя |
| Сямейства | Гарлачыкавыя |
| Род | Гарлачык |
| Від | Гарлачык белы |
| Бінамінальная намэнклятура | |
| Nymphaea alba | |
Гарлачык белы, вадзяніца[1] (Nymphaea alba) — водная расьліна сямейства гарлачыкавых.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Шматгадовая водная бессьцябловая травяністая расьліна з тоўстым і доўгім гарызантальным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацаваньня чаранкоў адмерлага лісьця. Лісьце буйное (да 40 см дыямэтрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зьверху цёмна-зялёнае, зьнізу чырванавата-фіялетавае. Кветкі буйныя (да 20 см дыямэтрам), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісьцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Плод — шара- або ягадападобная шматлістоўка.
Асаблівасьці біялёгіі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Цьвіце ў чэрвені-верасьні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэньне насеннае і вэгетатыўнае (карэнішчамі). Плод высьпявае пад вадой.
Пашырэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Пашыраны ў Эўропе, Міжземнамор’і, Малой Азіі. У Беларусі знаходзіцца ў асобных лякалітэтах і выспавых участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала, часьцей сустракаецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басэйна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах — Нарач, Чарнова ў Гарадоцкім раёне і ў інш.
Месцы росту: стаячыя і з павольнай плыньню воды старыц, заток і поймавых азёраў з глеістым грунтам на глыбіні 50-250 см. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зарасьнікі.
Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі, як дэкаратыўная расьліна.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Академія Навук Беларускай ССР, Iнстытут мовазнау̌ства iмя Якуба Коласа Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — С. 18.