Яраслаўская беларуская рада
Яраслаўская беларуская рада | |
Дата ўтварэньня | 1916 год |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1918 год |
Месцазнаходжаньне | Яраслаўль |
Ярасла́ўская белару́ская ра́да — беларуская нацыянальная арганізацыя ў Яраслаўлі ў 1916—1918 роках. Аб’ядноўвала беларусаў-бежанцаў Першае сусьветнае вайны.
Створаная ўвосені 1916 году, ставіла сваёй мэтай аб’яднаньне беларусаў-бежанцаў вакол нацыянальнае ідэі, пасільнае аказаньне матэрыяльнае і юрыдычнае дапамогі пацярпелым ад Першае сусьветнае вайны, правядзеньне дабрачынных акцый, культурна-асьветных вечарын[1]. Ініцыятарамі стварэньня таварыства было кола сьвядомых выкладчыкаў і навучэнцаў Менскага настаўніцкага інстытуту ў Яраслаўлі: У. Ігнатоўскі, З. Сьцяпура, М. Мароз, А. Кабервейн, С. Курчэвіч-Сеўрук, М. Шымель, М. Ярац, Х. Бурван, Г. Нікіфарава, М. Кахановіч, Х. Імшэнік, У. Біруля. Удзельнікі рады рыхтавалі на беларускай мове лекцыі і рэфэраты па гісторыі і культуры Беларусі. У пазаўрочны час у інстытуце выкладаў вядомы беларускі навуковец і грамадзкі дзеяч Усевалад Ігнатоўскі[2]. Пад час жыцьця ў Яраслаўлі актыўным сябрам таварыства зьяўляўся беларускі паэт Максім Багдановіч[1].
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі разам з арганізацыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасьць па нацыянальным усьведамленьні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала зь Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь зь Беларускім нацыянальным камітэтам у Менску, Беларускай народнай грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на I зьезд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастрычніку 1917, Усебеларускі зьезд у сьнежні 1917. Спыніла дзейнасьць увесну 1918 року.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Святлана Белая. Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча: дакументальнае эсэ. — Мінск: «Беллітфонд», 2006. — С. 6
- ^ А. Бабкоў. Эвакуацыя і дзейнасць навучальных устаноў Беларусі ў Расіі ў гады першай сусветнай вайны // Культура беларускага замежжа.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ляхоўскі У. Яраслаўская беларуская рада // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8