Перайсьці да зьместу

Юлія Кухта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юлія Кухта
Дата нараджэньня 1915
Дата сьмерці 9 сакавіка 2002(2002-03-09)[1]
Занятак нянька
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кухта.

Ю́лія Я́каўлеўна Ку́хта (1913[2] — 9 сакавіка 2002) — беларуская Праведніца народаў сьвету (1999).

Сям’я жыла ў вёсцы Крывое Сяло(d). Маці памерла заўчасна, пакінуўшы чатырох дзяцей: Ваню, Юлію, Еўдакію і Цімафея. Бацька ажаніўся другім разам, але неўзабаве таксама памёр[2].

У 1930-х Юлія сышла жыць у Бешанковічы да стрыечнай сястры. Працавала пасудніцай у сталоўцы, а пасьля трапіла пакаёўкай у сям’ю Ліпы і Сары Дворкіных. Разам зь імі ў 1940 року пераехала ў Менск[3].

Пасьля пачатку нямецкага нападу Юлія Кухта з Дворкінымі намагаліся выбрацца зь Менску, аднак каля Камінтэрну(d) іх застаў нямецкі авіяналёт; яны былі вымушаныя вярнуцца, па дарозе згубіўшы Сару Дворкіну. Ліпа Дворнік быў у камандзіроўцы, дзе загінуў ад бамбаваньня. Дзеці Дворкіных засталіся жыць зь Юліяй Кухтай і цёткай Ганнай ды ейным мужам Фэліксам. Калі нацысты ўтварылі гета, усе жыды сышлі жыць туды. Адтуль Юлія Кухта неўзабаве забрала Аліка і Марка Дворкіных да сябе. Каб пракарміць дзяцей, хадзіла да суседзяў мыць падлогі, а пасьля ўладкавалася на кухню ў нямецкі шпіталь. Дзяцей Дворкіных ахрысьціла ў царкве, за што магла атрымліваць дадатковае харчаваньне[4].

Па сканчэньні вайны з эвакуцыі ў Чкалаве вярнулася маці Сара Дворкіна. Яны пачалі жыць усе разам, а калі Сара другім разам выйшла замуж, Юлія засталася зь дзецьмі[5].