Перайсьці да зьместу

Юганастальгія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Юганастальгі́я — слабадасьледаваны псыхалягічны і культурніцкі фэномэн у грамадзтве колішняй Сацыялістычнай фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі (СФРЮ). Тэрмін ужываецца як станоўчая характарыстыка асобных людзей, так і зьневажальная мянушка[1]. Культурнымі і эканамічнымі выражэньнямі юганастальгіі ёсьць існаваньне музычных гуртоў югаслаўскай ці цітаўскай прыхільнасьці, мастацкіх твораў, фільмаў, тэатральных пастановаў і турыстычных маршрутаў па галоўных местах былых югаслаўскіх рэспублік.

Ідэю юганастальгіі варта адрозьніваць ад югаславізму, ідэалёгія якога заключаецца ў яднаньні паўднёвых славянаў. Іхнія канцэпцыі могуць быць сходнымі, аднак юганастальгія захапляецца пэрыядам да 1991 року, у той час як югаславізм (як адгалінаваньне панславізму) нацэльваецца ў будучыню і арыентуецца на маладое пакаленьне, якое спадзяецца, што іхнія нацыянальныя інтарэсы лепей разьвівацьмуцца ў зьвязе.

Цішоткі з Ціта ў Кумраўцы, ягонай роднай вёсцы

у пазытыўным сэнсе юганастальгія адлюстроўвае настальгічныя повязі з суб’ектыўнымі і аб’ектыўнымі станоўчымі рысамі СФРЮ: эканамічнай бясьпекай, пачуцьцём салідарнасьці, сацыялістычнай ідэалёгіяй, мультыкультуралізмам, інтэрнацыяналізмам і недалучэньнем, мінуўшчынай, традыцыямі і высокім узроўнем жыцьця. Аднак гэтыя пазытыўныя рысы азмрочваюцца памылкамі дзяржаваў-пераемніц, шматлікія зь якіх усё яшчэ перажываюць наступствы войнаў і знаходзяцца на розных ступенях палітычнага й эканамічнага пераходу.

У адмоўным сэнсе эпітэт ужываецца прыхільнікамі новых рэжымаў, каб апісаць іхніх крытыкаў анахранічнымі, нерэалістычнымі, непатрыятычнымі і патэнцыйнымі здрайцамі. Падчас Югаслаўскіх войнаў, у прыватнасьці, тэрмін ужываўся дзяржаўнымі ўладамі і СМІ ў якасьці аргумэнту супраць крытыкі і дыскрэдытацыі.

Заняпад югаславізму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля развалу СФРЮ ідэя югаславізму страціла прывабнасьць. Сэрбія і Чарнагорыя праіснавалі ў аб’яднанай дзяржаве да лютага 2003 року, пасьля чаго перайменаваліся ў назву паводле асобных ейных частак. У гэты пэрыяд колькасьць тых, хто называў сябе югаславамі, дасягнула мінімуму. Паводле апошняга перапісу ў Сэрбіі пражывалі каля 80 000 югаславаў, хоць на той час краіна яшчэ мела назву ФРЮ. Коляшняя дзяржаўная мова гэтай краіны, сэрбскахарвацкая, больш не зьяўляецца афіцыйнай ні ў воднай зь іншых рэспублік былой фэдэрацыі. У 2010 року згас і некалі папулярны ў юганастальгічных вэб-сайтах дамэн .yu.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]