Эфэкт матылька
Эфэ́кт матылька́ (па-ангельску: butterfly effect) — выраз, які зазначае ідэю адчувальнай залежнасьці ад пачатковых умоваў у тэорыі хаосу. Сэнс яго ў тым, што маленькія зьмены пачатковых умоваў для дынамічнай сыстэмы ўтвараюць вялікія зьмены ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
Прыктычныя вынікі «эфэкту матылька» ў тым, што становіцца занадта цяжкім прадказаць паводзіны такіх складаных сыстэм як, напрыклад, надвор'е на азначаны прамежак часу, таму што любая мадэль, у якой робяцца спробы сымуляцыі пэўнай сыстэмы, мусіць акругляць дадзеныя пачатковых умоў. Да прыкладу, уяўляецца абсалютна немагчымым улічыць вецер, які сыходзіць ад крыльцаў кожнага матылька, пры мадэляваньні надвор’я. На практыцы недастатковае веданьне аб пачатковых умовах служыць крыніцай памылак часьцей, чым непаўнавартасьць мадэлі. У хаатычных сыстэмах гэтыя памылкі ўзмацняюцца і павялічваюцца цягам разьвіцьця сымуляцыі. Такім чынам прадказаньні, атрыманыя з дапамогай сымуляцыяў, ня маюць аніякай карысьці праз пэўны абмежаваны час.
Амэрыканскі матэматык і мэтэароляг Эдвард Лорэнц упершыню прааналізаваў эфэкт у сваім лісьце да Нова-Ёркскай Акадэміі Навук у 1963 годзе. Згодна з тэкстам ліста, «адзін мэтэароляг адзначыў, што калі б тэорыя была слушнай, адно толькі страпеньне крылаў чайкі здолела б назаўжды зьмяніць спрадвечную плынь надвор’я». У пазьнейшых прамовах й лістах Лорэнц выкарыстоўваў больш паэтычны вобраз матылька, на які яго магчыма натхніў выгляд дыяграмы згенэраванай атрактарам Лорэнца. Іншыя тэорыі тлумачаць паходжаньне гэтага выразу зь літаратурных крыніцаў (апавяданьне Рэя Брэдбэры «Гук грому» («A Sound of Thunder») 1952 году), але няма дакладнага пацьверджаньня таму, што Лорэнц кіраваўся гэтым літаратурным прэцэдэнтам. Дзеля эфэкту ідэю цяпер часьцяком фармулююць фразай накшталт «матылёк, які завіхае сваімі крыльцамі ў Токіё можа выклікаць тарнада ў Каліфорніі».
Эфэкт матылька ў кіно
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канцэпцыя «эфэкту матылька» выкарыстоўваецца кінематаграфістамі ў спалучэньні з ідэяй падарожжаў у часе. Напрыклад, у фільме «Гук грому» («A Sound of Thunder») героі кіруюцца жаданьнем нічога не зьмяняць у мінулым; але ў рэчаіснасьці адна толькі іхная прысутнасьць можа стаць дастатковай умовай, каб зьмяніць кароткатэрміновыя падзеі (такія як надвор’е), і гэтаксама можа мець непрадказальны ўплыў на падзеі далёкай будучыні.
У шматлікіх выпадках нязначныя на першы погляд дзеяньні ў мінулым экстрапалююцца праз час і радыкальна ўплываюць на сучаснасьць галоўных герояў. У стужцы «Эфэкт матылька» («The Butterfly Effect»), Эван Трэбарн (Эштан Катчэр) падчас прачытаньня сваіх падлеткавых дзёньнікаў, мог істотна «перарабляць» эпізоды свайго мінулага. Але працягваючы свае падарожжы ў часе, ён зразумеў, што неўважаючы на ягоныя добрыя намеры, дзеяньні, якія ён прадпрымае, заўсёды маюць нечаканыя вынікі.