Эміліё Маркас Пальма
Эміліё Маркас Пальма | |
Emilio Marcos Palma | |
Дата нараджэньня | 7 студзеня 1978 (46 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | станцыя «Эспэранса», Антарктыда |
Грамадзянства | Антарктыда |
Занятак | сістэмны аналітык, спэцыяліст у галіне інфарматыкі |
Бацька | Хорхе Эміліё Пальма |
Маці | Марыя Сыльвія дэ Пальма |
Эмі́ліё Ма́ркас Па́льма (па-гішпанску: Emilio Marcos Palma; нар. 7 студзеня 1978, Антарктыда) — аргентынскі грамадзянін, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як першы чалавек, народжаны на кантынэнце Антарктыда.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька, капітан Хорхе Эміліё Пальма, быў старшынёю аргентынскага вайсковага аддзелу на станцыі Эспэранса[1]. Маці, Марыя Сыльвія Марыльлё, у канцы 1977 року (на сёмым месяцы цяжарнасьці) была дастаўленая на станцыю Эспэранса адмыслова дзеля родаў[2]. Транспартаваньне было адмыслова задуманае аргентынскім бокам у рамках вырашэньня спрэчкі пра сувэрэнітэт над гэтак званаю аргентынскаю Антарктыкаю. Гэты сэктар Антарктыкі Аргентына лічыць сваёй тэрыторыяй, што не прызнаюць Вялікабрытанія і Чылі.
Эміліё Маркас нарадзіўся ў Фартын Сархента Кабралі на станцыі Эспэранса паблізу вяршыні Антарктычнага паўвостраву, важыў 3400 г і стаў чацьвёртым дзіцём у сям’і. Да цяперашняга часу ў Антарктыцы нарадзіліся яшчэ 10 асобаў, аднак месца, дзе нарадзіўся Пальма, застаецца найбольш паўднёвым. Эміліё аўтаматычна атрымаў аргентынскае грамадзянства, бо ягоныя бацькі былі аргентынскімі грамадзянамі, і ён нарадзіўся на тэрыторыі аргентынскай Антарктыкі. Эміліё мог бы прэтэндаваць і на брытанскае грамадзянства, пакольку разьмяшчэньне станцыі падпадае пад юрысдыкцыю Брытанскай антарктычнай тэрыторыі, аднак ні ён сам, ні ягоныя бацькі падобных запытаў не падавалі.
Па вяртаньні ў Аргентыну пражываў у Буэнас-Айрэсе. Працуе сыстэмным аналітыкам
Эміліё Пальма занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як першы чалавек у гісторыі, які нарадзіўся на кантынэнце Антарктыда. Часам першым чалавекам-антарктыкам называюць таксама Сольвэйг Гунб’ерг Якабсэн з Нарвэгіі, якая нарадзілася на тэрыторыі вострава Паўднёвая Георгія ў 1913 року, аднак гэтая тэрыторыя лічыцца часткаю Антарктыкі толькі ў некаторых выпадках.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Life found under S Pole ice shelf // The Times. — 10 студзеня 1978.
- ^ Steve. (15 лютага 2011) Born Freezing: Meet Antarctica’s First Citizen (анг.) Web Ecoist Праверана 10 жніўня 2016 г.