Шкала Кінсі
Шкала Кінсі — спроба атаксаваць сэксуальную арыентацыю, ад 0 (выключна гетэрасэксуальная) да 6 (выключна гомасэксуальная), адзін з мэтадаў сэксалёгіі для адлюстраваньня зьменлівасьці сэксуальных паводзінаў.
Амэрыканскі сацыёляг Альфрэд Кінсі ў 1940—1950-я ўпершыню правёў буйныя сацыялягічныя апытаньні датычна сэксуальных перавагаў. У абагульняючых працах «Сэксуальныя паводзіны самца чалавека» (Sexual Behavior in the Human Male) (1948) і «Сэксуальныя паводзіны самкі чалавека» (Sexual Behavior in the Human Female) (1953), ён зрабіў вынік, што людзі не падзяляюцца аднастайным чынам на гетэрасэксуалаў, бісэксуалаў і гомасэксуалаў, і што мяжа паміж гома-, бі- і гетэрасэксуальнасьцю дастаткова тонкая і ўмоўная і часьцяком вельмі цяжка вызначыць яе.
Згодна дадзеным дасьледваньняў Кінсі, большасьці людзей уласьцівыя ў пэўнай ступені як гетэрасэксуальныя, так і гомасэксуальныя праявы (адпаведныя жаданьні, эратычныя фантазіі, мроі з эратычным зьместам ці беспасярэдне сэксуальны досьвед). Толькі 5—10% апытаных можна кваліфікаваць як адносна, але ўсёткі ня стоадсоткава, «чыстых» (умоўна кажучы, 99,9%, але не 100%) гетэрасэксуалаў альбо гомасэксуалаў.
Стоадсоткава гомасэксуальных альбо гетэрасэксуальных людзей, згодна з Кінсі, увогуле не існуе, бо прынамсі на эстэтычным узроўні і на ўзроўні сацыяльных зносінаў гомасэксуалы могуць цаніць супрацьлеглы, а гетэрасэксуалы — свой пол. Гэтаксама, згодна з Кінсі, не існуе «50% на 50%» бісэксуалаў, у бісэксуалаў заўжды ёсьць тыя ці іншыя густы і перавагі, якія могуць у тым ліку і зьмяняцца зь цягам часу, але ў кожны момант яны ёсьць.
І мэтады дасьледваньня, і вынікі, якія зрабіў Кінсі, у далейшым ня раз аспрэчваліся, але ўведзенае ім уяўленьне аб тым, што сэксуальная арыентацыя ня носіць дыскрэтны характар (то бок ня «гома» ці «гетэра», а шкала ад 100% абсалютнай гетэрасэксуальнасьці да 100% абсалютнай гомасэксуальнасьці, прычым, як відаць, зь недасяжнымі ўскрайнімі канцамі спэктра, і на гэтай шкале большасьць людзей апыняюцца не на краях спэктра, а бліжэй да цэнтру) дагэтуль застаецца ў навуковым абароце, і дастаткова шырока распаўсюджана ў побытавым разуменьні.
Шкала Кінсі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 0 — выключна гетэрасэксуальныя паводзіны
- 1 — пераважна гетэрасэксуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гомасэксуальнасьці
- 2 — пераважна гетэрасэксуальныя паводзіны са значнай гомасэксуальнай цягай
- 3 — аднолькавая пацяга да абодвух палоў
- 4 — пераважна гомасэксуальныя паводзіны са значнай гетэрасэксуальнай цягай
- 5 — пераважна гомасэксуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гетэрасэксуальнасьці
- 6 — выключна гомасэксуальныя паводзіны
Статыстычныя факты дасьледваньняў Кінсі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мужчыны: 11.6% белых мужчынаў ва ўзросьце 20-35 год атрымалі ацэнку 3 для гэтага пэрыяду іхняга жыцьця
- Жанчыны: 7% незамужніх жанчын и 4% замужак ва ўзросьце 20-35 атрымалі ацэнку 3 для гэтага пэрыяду іхняга жыцьця
- Агулам:
- 10% апытаных прызналі цалкам гомасэксуальныя паводзіны з моманту полавага сасьпяваньня
- 25% прызналі сваю гомасэксуальную пацягу значнай, пры тым не зьяўляючыся цалкам гомасэксуальнымі