Чэская хроніка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Chronica Boemorum

«Чэ́ская хро́ніка» (па-лацінску: Chronica Boemorum) альбо Хроніка Казьмы (па-чэску: Kosmova kronika) — найстарэйшая чэская хроніка, напісаная на лацінскай мове. У яе ўвайшлі адносна поўныя зьвесткі пра гістарычныя падзеі ў чэскай зямлі з найстаражытнейшых часоў па першую чвэрць XII ст. Пры гэтым «Хроніка» не абмяжоўваецца чэскай нацыянальнай гістарыяграфіяй, раскрываючы таксама пытаньне ўзаемаадносінаў розных эўрапейскіх дзяржаваў у Х—XII стагодзьдзях.

Аўтарам хронікі быў дэкан капітулу сабору Сьвятога Віта ў Празе Казьма Праскі. Хроніка складаецца з трох кнігаў. Першая, завершаная ў 1109, распавядае пра стварэньне сьвету і чэскай дзяржавы і ахоплівае пэрыяд да 1038 року. Другая кніга апісвае падзеі паміж 1038 і 1092, трэцяя — пэрыяд смуты з 1092 да 1109 і валадараньне князя Ўладзіслава I аж да сьмерці летапісца ў 1125 року.

Зьяўляючыся каштоўнай гістарычнай крыніцай, асабліва ў частцы, якая тычыцца падзеяў, сучасьнікам якіх быў Казьма, «Чэская хроніка» шмат у чым задала кірунак наступнага разьвіцьця чэскага летапісаньня. Нягледзячы на некаторыя недакладнасьці і ярка выказаную ўласную пазыцыю аўтара, высокі для той эпохі навуковы ўзровень і важнасьць апісаных у ёй падзеяў высоўваюць Казьму Праскага ў лік аднаго з самых значных летапісцаў сярэднявечнай Эўропы.

«Чэская хроніка» Казьмы Праскага, нароўні з «Аповесьцю мінулых гадоў» Нестара і «Хронікай і дзеяньнямі князёў ці кіраўнікоў польскіх» Гала Ананіма, мае фундамэнтальнае значэньне для славянскай культуры і ўваходзіць у лік найважнейшых крыніц па гісторыі Чэхіі і суседніх дзяржаваў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]