Перайсьці да зьместу

Чыятурскае радовішча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Манганавы руднік Чыятуры

Чыяту́рскае радо́вішча (па-грузінску: ჭიათურის საბადო) — вялікі комплекс шахтаў ля места Чыятуры ў цэнтральна-заходняй частцы Грузіі. Найвялікшае манганавае радовішча ў Грузіі і адно з найбольшых у сьвеце: паводле ацэнак, паклады складаюць 239 мільёнаў тонаў руды з утрыманьнем мангану прыкладна 26%[1][2].

Радовішча разьмешчанае каля Дзірульскага крышталічнага масіву. Падзеленае на часткі ракой Квірылай і прытокамі. Складаецца пераважна з асадкавых пародаў мэзазойскага і палеаген-нэагенавага веку, якія маюць субгарызантальныя паклады пад кутом 1-6° з падзеньнем на паўночным усходзе. Манганавыя руды разьмешчаныя слаямі па 30—35 см колькасьцю па 3—18 штук і мяжуюцца з апокападобным крэмнавымі пародамі. У верхняй частцы разьмешчаныя карбанатныя і атлененыя слаі, а ў ніжняй — аксыдныя; агулам аксыдныя руды складаюць 26,5 %, карбанатныя — 45,1 %, атлененыя — 15 % і мяшаныя — 14,4 %.

Паводле стану на 1989 рок распрацоўка радовішча вялася падземным (62%) і адкрытым (38%) спосабамі. Транспартаваньне адбывалася як самазваламі, так і драглайнамі.

Гэтую мясцовасьць адкрыў ў 1879 року грузінскі паэт Акакі Цэрэтэлі, які дасьледаваў зямлю ў пошуках манганавых і жалезных рудаў. Былі праведзеныя падрабязьнейшыя дасьледаваньні, якія адкрылі некалькі слаёў манганавых аксыдаў, пэраксыдаў і карбанатаў. Сховішча выглядала камэрцыйна прыдатным, і тут паўстала Чыятурская манганавая кампанія.

Да I сусьветнай вайны адным з найбольшых інвэстараў у шахты Чыятуры была нямецкае сямейства Крупаў. У 1913 року шахта здабывала 1 мільён тонаў манганавых рудаў, што складала палову сусьветнай здабычы. У пачатку 1920-х здабыча склала толькі траціну ад гэтага, бо шахту нацыяналізавалі бальшавікі, а замежныя інвэстары сышлі. У 1924 року свае інвэстыцыі ў адраджэньне прамысловасьці прапанаваў фінансіст ЗША Ўільям Авэрэл Гарыман. Паводле ўгоды з савецкім урадам ён сплаціў $4 мільёны ўласных грошай і абавязваўся сплочваць фіксаваную камісію з кожнай здабытай тоны савецкаму ўраду і ранейшым грузінскім уласьнікам. За першы год Гарыманава кампанія збольшыла вытворчасьць з 436 тыс. тонаў да 772 тыс. Аднак пасьля падзеньня сусьветных цэнаў на манган здабыча стала эканамічна нявыгаднай, і ў 1928 року Гарыман прадаў прадпрыемства дзяржаве[3]. Быў утвораны трэст «Чыятурманган».

Цяпер шахтай валодае «Грузінскі манганавы холдынг», які належыць брытанскай кампаніі «Stemcor». Комплекс уключае чатыры падземныя шахты і тры адкрытыя кар’еры, якія штогод даюць 1,18 млн т манганавай руды і 400 тыс. т канцэнтратаў. Здабытую руду транспартуюць чыгункай на фэрастопкавы завод у Зэстафоні[4].

Цягам паўтара стагодзьдзя здабычы патрабаваньні аховы навакольнага асяродзьдзя ад забруджваньня практычна ніколі не выконваліся. Значная частка тэрыторыі места Чыятуры пакрытая адкідамі манганаруднай вытворчасьці, якія ўтвараюць пагоркавы рэльеф. У рацэ Квірыле канцэнтрацыя мангану складае 600 мг/л, што вышэй сярэдняга паказьніка больш як у 50 тысячаў разоў; ад гэтага ейныя воды займелі спэцыфічны шэравата-чорны колер. З глебы вымываюцца небясьпечныя цяжкія мэталы, якія засьмечваюць глебу і грунтовыя воды[5].

  1. ^ Manganese Mines and Deposits of Georgia. IFSD Europe. Праверана 18 April 2013 г. Архіўная копія ад 1 October 2013 г.
  2. ^ USGS Minerals Yearbook. — National Research Council (U.S.), 2007. — P. 334.
  3. ^ Abramson, Rudy. Spanning the Century: The Life of W. Averell Harriman, 1891—1986. Chapter VI — Mines. William Morrow and Company, Inc. 1992.
  4. ^ Georgian Manganese. Feldman Trading (2013). Праверана 18 April 2013 г. Архіўная копія ад 2012-06-26 г.
  5. ^ Последствия изменения экологической среды при разработках рудных месторождений Грузии / Л. А. Церцвадзе, М. В. Гагошидзе, З. Г. Какулиа [и др.] // Сергеевские чтения : Юбилейная конференция, посвященная 100-летию со дня рождения академика Е. М. Сергеева. Материалы годичной сессии Научного совета РАН по проблемам геоэкологии, инженерной геологии и гидрогеологии, Москва, 21 марта 2014 года / Научный совет РАН по проблемам геоэкологии, инженерной геологии и гидрогеологии, ИГЭ РАН. Том Выпуск 16. — Москва: Российский университет дружбы народов, 2014. — С. 512.