Перайсьці да зьместу

Цемра (верш)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Цемра (паэма)»)
Цемра
анг. Darkness
Жанр: верш
Аўтар: Джордж Байран
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: ліпень 1816
Пераклад на беларускую: Максім Лужанін
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Цемра» (па-ангельску: Darkness) — верш Джорджа Байрана, напісаны ў ліпені 1816 году, у год, вядомы пад назвай «год бязь лета», з-за леташняга вывяржэньня вулькана Тамборы на тэрыторыі Галяндзкай Ост-Індыі ў выніку чаго ў атмасэфру была выкінутая колькасьць пылу, дастатковая каб зацьміць сонца і спрычыніць анамальнае надвор’е ўздоўж большае часткі Амэрыкі і паўночнае Эўропы. Цемравая заслона, якая ўтварылася ў выніку вывяржэньня вулькана натхніла Байрана на напісаньне паэмы.

У першых літаратуразнаўчых рэцэнзіях верш разглядаўся як паэма «апошняга чалавека», якая распавядае апакаліптычную гісторыю апошняга чалавека на зямлі. Пазьнейшыя крытыкі зьвярталі сваю ўвагу як на гістарычны кантэкст, так і на антыбіблейскі стыль паэмы, нягледзячы на наяўнасьць у паэме шматлікіх біблейскіх алюзіяў. Байран пісаў гэты твор празь некалькі месацаў пасьля свайго разводу ў швэйцарскі пэрыяд сваёй творчасьці, для якога характэрны «змрочныя настроі паэта-выгнаньніка, яго безвыходная туга, пэсымізм»[1].

Гістарычны кантэкст

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дыяграма прыблізнага вывяржэньня пылу з вулькана Тамбора ў 1815. Воблакі пылу рухаліся нашмат далей.

Верш Байрана пісаўся ў пэрыяд Рамантызму. Некаторыя падзеі, якія адбываліся цягам гэтага пэрыяду нагадвалі (для некаторых) біблейскія знакі апакаліпсіса. Шматлікія аўтары разглядалі сябе ў якасьці прарокаў, якія павінны засьцерагчы і папярэдзіць іншых аб навіслым сконе[2]. У гэты ж пэрыяд, шмат людзей сталі вагацца ў сваёй веры да ўседаравальнага Бога з-за нядаўніх адкрыцьцяў карысных выкапняў, якія выявілі сьмерці цэлых біялягічных відаў, пахаваных пад зямлёй[3].

1816 год, у якім пісаўся верш, быў названы «годам бязь лета» з-за дзіўнага надвор’я і невытлумачальнай цемры, якая спрычыніла рэкордна нізкую тэмпэратуру па ўсёй Эўропе, асабліва Жэнэве, дзе быў напісаны верш, як сьцьвярджаў сам Байран, кажучы:

Напісаў яе... у Жэнэве[4], у вядомы цёмны дзень, калі зранку хатнія птушкі сталі ўладкоўвацца на начлег і сьвечы запальваліся быццам апоўначы.

Арыгінальны тэкст  (анг.)
wrote it... at Geneva, when there was a celebrated dark day, on which the fowls went to roost at noon, and the candles were lighted as at midnight[5]

Суцэльную цемру спрычыніў вульканічны пыл, які распаўсюджваўся ад вывяржэньня гары Тамборы ў Інданэзіі. Пошукі прычыны анамальных зьменаў дзённага сьвятла толькі ўзмацьніліся з адкрыцьцём навукоўцамі плямаў на сонцы, якія маглі быць заўважаныя простым вокам[6].

У мінулым, крытыкі схіляліся да вызначэньня Цемры як паэмы «апошняга чалавека», працягваючы галоўную тэму сцэнаў канца сьвету і поглядам на іх апошняга чалавека на зямлі. Зрэшты, сучаснае літаратуразнаўства адзначыла адсутнасьць вобраза «апошняга чалавека» ў паэме[7].

Біблейская вобразнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваёй паэме Байран таксама выкарыстоўвае пякельную біблейскую мову апакаліпсісу, каб данесьці да чытачоў думку аб сапраўднай магчымасьці зьдзяйсьненьня гэтых падзеяў. Усю паэму можна адаслаць да Эвангельля ад Мацьвея 24:29[8] У 32-м радку апісваецца чалавек, які «ў чорны падаў пыл, скрыгочучы зубамі» (анг. gnashed their teeth), што зьяўялецца прамой спасылкай на апісаньне пекла ў Бібліі (Мацьвей 24:51)[9]. Зьмеі спляліся «ў мностве страшным між сабой, шыпя» (анг. twined themselves among the multitude / Hissing)[10]. Два чалавекі «ў горадзе вялікім шчэ жылі» (анг. but two / Of an enormous city did survive), зьбіраючы «сьвятыя рэчы» (анг. holy things) каля алтара, дзеля «нячыстай мэты» (анг. for an unholy usage), каб спаліць іх дзеля сьвятла. Убачыўшы адзін аднаго ў сьвятле вогнішча, яны паміраюць «ня ўведаўшы, хто той, каму чало Пан Голад прыпячатае таўром: — Ён Вораг» (анг. Unknowing who he was upon whose brow / Famine had written Fiend)[11].

У гэтай будучыні, усе людзі цяпер выглядаюць як ворагі, высіленыя і чэзлыя, паміраючы з «касьцмі» над якімі «не вырастаў пагорак» (анг. their bones as tombless as their flesh)[12]. Яны таксама паводзяць сабе як вылюдкі, Байран кажа: «любоў іх кінула» (анг. no love was left)[13], прыпадабняючы гэты радок да біблейскага прароцтва, паводле якога напрыканцы сьвету «ахалоне любоў у многіх»[14]. Апісваючы гэта, Байран проста ўзмацьняе ўжо існые тагачасныя падзеі. Бунты, самазабойствы, страх, спрычынёны анамальнай зьменай надвор’я і прадказаным зьнішчэньнем сонца зьняверылі людзей ня толькі ў надзею на доўгае жыцьцё і веру ў боскае стварэньне, але і ў саміх сябе. Паказваючы гэткую д’ябальскую вобразнасьць, Байран сьцьвярджае, што Бог не ў прыродзе, і ня ў нас — ён нішто ўвогуле; і піша далей: «ў іх дапамозе ня меў патрэбы змрок — ён Космас быў» (анг. Darkness had no need / Of aid from them—She was the Universe)[15].

Пэсымістычныя погляды Байрана працягваюцца, як толькі ён пачынае зьмешваць біблейскія матывы з наяўнымі тагачаснымі навуковымі рэаліямі. Дасьледчык ангельскай літаратуры Morton D. Paley адзначае, што выкарыстаньне Байранам біблейскіх цытатаў не так істотна, як факт таго, што ён адхіляецца ад іх, каб зрабіць сваю выснову[16]. Напрыклад, тысячагадовы мір, які наступае пасьля ўсіх жудасьцей апакаліпсісу, згаданы ў Адкрыцьці Яна Багаслова, не фігуруе ў «Цемры» Байрана. Замест гэтага, «і барацьба, спыніўшыся на час, ашчэрылася трыкраць» (анг. War, which for a moment was no more, / Did glut himself again.)[17]. Іншымі словамі, мячы на пэўны час пераўтварыліся ў лемешы толькі для таго, каб стаць мячамі вайны ў чарговы раз. Той факт, што зьмеі ня маюць джалаў (анг. stingless) перагукаецца зь біблейскім выглядам міру, які папярэднічае разбурэньню: «і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі» (Ісая 11:8)[18]. У паэме, тым ня менш, зьмеі паказваюцца бяскрыўднымі, але людзі скарыстоўвалі гэта і забівалі іх «на ежу» (анг. slain for food).

  1. ^ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. P.74  (рас.)
  2. ^ «Introduction». The Norton Anthology of English Literature. Stephen Greenblatt. 8th ed. Vol. D. New York, London: Norton, 2006. С. 6  (анг.)
  3. ^ Gordon, George. «Darkness.» The Norton Anthology of English Literature. Stephen Greenblatt. 8th ed. Vol. D. New York, London: Norton, 2006. С. 614  (анг.)
  4. ^ Paley, Morton D. «Envisioning Lastness: Byron’s 'Darkness,' Campbell’s 'the Last Man,' and the Critical Aftermath.» Romanticism: The Journal of Romantic Culture and Criticism 1 (1995): С. 2  (анг.)
  5. ^ Paley, Morton D. "Envisioning Lastness: Byron's 'Darkness,' Campbell's 'the Last Man,' and the Critical Aftermath." Romanticism: The Journal of Romantic Culture and Criticism 1 (1995): С. 3  (анг.)
  6. ^ Vail, Jeffrey. «'the Bright Sun was Extinguis’d': The Bologna Prophecy and Byron’s 'Darkness'.» Wordsworth Circle 28: С. 184  (анг.)
  7. ^ Schroeder, Ronald A. «Byron’s 'Darkness' and the Romantic Dis-Spiriting of Nature.» Approaches to Teaching Byron’s Poetry. Ed. Frederick W. Shilstone. New York: Mod. Lang. Assn. of Amer, 1991. С. 117  (анг.)
  8. ^ «І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца» (Мацьвей 24:29)
  9. ^ «І разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў» (Мацьвей 24:51)
  10. ^ «Darkness», радкі 35—37
  11. ^ «Darkness», радкі 55—69
  12. ^ «Darkness», радок 45
  13. ^ «Darkness», радок 41
  14. ^ «І ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх» (Мацьвей 24:12)
  15. ^ «Darkness», радкі 81—82
  16. ^ Paley, Morton D. «Envisioning Lastness: Byron’s 'Darkness,' Campbell’s 'the Last Man,' and the Critical Aftermath.» Romanticism: The Journal of Romantic Culture and Criticism 1 (1995): С. 6
  17. ^ «Darkness», радкі 38—39
  18. ^ «І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі» (Ісая 11:8)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]