Перайсьці да зьместу

Хрышчэньне Баўгарыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хрышчэньне баўгар, мініяцюра з Манасіеўскага летапісу, ХІV ст.
Хрышчэньне Барыса I — мініяцюра з летапісу Іаана Скіліцы.

Хрышчэньне Баўгарыі — працэс распаўсюджваньня хрысьціянства ў Баўгарыі, які распачаўся ў 864 годзе.

Баўгарская дзяржава ўтварылася ў 681 годзе на паўночнай мяжы хрысьціянскай Бізантыі. Асноўным насельніцтвам новай дзяржавы сталі качавыя баўгары, уцягнутыя ў працэс фэадалізацыі, і славяне. Для інтэграцыі грамадзтва неабходна была ідэалёгія ўніфікацыі. Ініцыятарам хрышчэньня стаў баўгарскі хан Барыс, які прыняў імя Міхаіл. Непасрэднай нагодай хрышчэньня стаў голад 863 году, за якім рушыла ўсьлед уварваньне бізантыйскай арміі Варды. Умовай дапамогі стала хрышчэньне знаці, якое зьдзейсьніў патрыярх Фоцій. Тым ня менш, качавая арыстакратыя падняла антыхрысьціянскі мяцеж, але пацярпела паразу. Хан Барыс пакараў сьмерцю чальцоў 52 сямействаў. Сярод пакараных сьмерцю быў і яго сын. Хан Барыс пачаў усяляк спрыяць місіі Кірыла і Мятода па асьвеце славян. У Баўгарыі было ўведзена кірылічнае пісьмо, пачалося будаўніцтва хрысьціянскіх цэркваў. Адным зь першых значных сьвятых стаў Клімэнт Охрыдзкі.

Расейскі гісторык Васіль Тацішчаў разглядаў хрышчэньне Баўгарыі ў кантэксьце агульнага распаўсюджваньня хрысьціянства сярод славян. Станаўленьне Баўгарыі хрысьціянскай краінай паўплывала на Хрышчэньне Русі ў наступным стагодзьдзі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]