Уладзімер Стральцоў
Уладзімер Стральцоў | |
Владимир Стрельцов | |
Імя пры нараджэньні | Сьцяпан Стральцоў |
---|---|
Дата нараджэньня | 5 студзеня 1905 |
Месца нараджэньня | в. Шышкава, Валакаламскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея |
Дата сьмерці | 21 верасьня 2001 (96 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Занятак | кінарэжысэр |
Уладзі́мер Стральцо́ў (па-расейску: Владимир Стрельцов, сапраўднае — Сьцяпан Стральцоў, псэўданімы — В. Яравы, Степан Шишков; 5 студзеня 1905, в. Шышкава, Валакаламскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея — 21 верасьня 2001, Менск) — беларускі й расейскі кінарэжысэр, аўтар шэрагу кінастужак. Сябар Саюзу кінэматаграфістаў БССР ад 1957.
Раньняе жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паходжаньня селянін, бацька — Міхаіл Стральцоў (памёр у 1915 ад сухотаў) — быў муляром, маці — Пелагея Стральцова — працавала прачкай у Ярапольскім шпіталі. Скончыў вясковую трохклясавую школу ў 1915. У 1916—1919 працаваў у гарбатні ў Валакаламску, у 1920—1923 быў вучнем сьлесара ў в. Яраполец. У канцы 1923 пераехаў у Маскву, дзе да 1928 працаваў у выдавецтвах «Прибой» і «Пролетарий», экспэдытарам у газэце «Правда». У 1928—1930 працаваў на заводзе.
Творчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1924 працаваў у самадзейным тэатры РВС. У 1925—1926 праходзіў рэжысэрскія курсы «Пралеткульту», у 1927 — кінаакторскія курсы імя Чайкоўскага. Прайшоўшы ў 1928—1930 агульнаадукацыйныя курсы, у 1930 паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт, зь якога ў 1931 перавёўся ва Ўсерасейскі дзяржаўны інстытут кінэматаграфіі.
Працаваў асыстэнтам кінарэжысэра ў ліпені 1935 — лютым 1936 на студыі «Мостэхфільм», ад красавіка 1936 да сьнежня 1937 на Цэнтральнай студыі кінахронікі Масквы, дзе самастойна зьняў свае першыя кіначасопісы — «Сацыялістычная вёска» ды «Дзень чыгуначніка» (разам з Сатаравай). У сьнежні 1937 перавёўся ў Менскую студыю кінахронікі, дзе ім былі змантаваныя кіначасопісы «Савецкая Беларусь» і зьняты шэраг дакумэнтальных кінанарысаў.
З пачаткам вайны эвакуяваўся ў Куйбышаў, дзе да ліпеня 1942 працаваў кінарэжысарам на мясцовай кінастудыі, рабіў кіначасопісы «Савецкая Башкірыя». У 1942 перавёўся ў Іркуцк, дзе працаваў да 1947. Тут ім былі створаныя кіначасопісы «Ўсходняя Сыбір» і кінафільм «Дваццацігодзьдзе».
У 1948 вярнуўся ў Менск, дзе ўладкаваўся на кінастудыю «Беларусьфільм». Тут ім былі створаныя фільмы ўсіх жанраў. У красавіку 1948—1950 у асноўным выпускаў кіначасопісы «Савецкая Беларусь», пасьля перайшоў на паўнавартасную рэжысэрскую працу.
Найлепшым посьпехам У. Стральцова лічыцца зьняты ў 1959 дакумэнтальны фільм «Праўда пра сэктантаў-пяцідзесятнікаў». Дадзеная кінастужка атрымала шэраг узнагарод (прыз фэстывалю Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі, дыплём ІІІ-га Ўсесаюзнага фэстывалю ў Менску). У гэтым фільме ўпершыню былі выкарыстаныя здымкі прыхаванай камэрай.
У 1961—1968 працаваў на Менскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакумэнтальных фільмаў, ад 1968 — зноў на «Беларусьфільме».
Займаўся таксама журналісцкай дзейнасьцю. Друкаваўся (часам пад псэўданімам В. Яравы) у газэтах «Советская Якутия», «Менская праўда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Ад 1964 чытаў лекцыі па кінарэжысуры ў Менскім політэхнічным інстытуце.
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сацыялістычная вёска (1936, кіначасопіс, разам з Сатаравай)
- Дзень чыгуначніка (1937)
- Калгас «Крэпасьць абароны» (1939, дакумэнтальны кінанарыс)
- У вызваленым Беластоку (1939, дакумэнтальны кінанарыс)
- Дваццацігодзьдзе (2 часткі, 1943, таксама аўтар сцэнару)
- Белавеская пушча (1951—1952, мастацка-відавы фільм, рэжысэр-пастаноўшчык)
- Пяюць жаўранкі (1953, мастацкі фільм, 2-і рэжысэр)
- Хто сьмяецца апошнім (1954, мастацкі фільм)
- Беларускі канцэрт (1955, мастацкі фільм, рэжысэр-пастаноўшчык)
- На зямлі Беларускай (1957, дакумэнтальны фільм, рэжысэр і адзін з аўтараў сцэнару)
- Яны ўступаюць у жыцьцё (1958, мастацка-дакумэнтальны кінанарыс)
- Праўда пра сэктантаў-пяцідзясятнікаў (1959, дакумэнтальны фільм, рэжысэр і адзін з аўтараў сцэнару)
- Наш народны (1961, дакумэнтальны кінанарыс)
- Дзень Рэспублікі (1962, дакумэнтальны рэпартажны фільм)
- Беларускія напевы (1963, фільм-канцэрт)
- Думкі й выявы (1965, дакумэнтальны кінанарыс)
- Саюзьнікі мэталу (1965, навукова-папулярны фільм)
- Пранікненьне ў мэтал (1966, навукова-папулярны фільм)
- Хто вінаваты (1967, гульнявы фільм)
- Выпадак на навасельлі (1963, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
- Паўлік (1964, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
- Няхай маўчаць сырэны (1965, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
- Кінь запалкі (1967, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
- Вёска й дойлід (1968, дакумэнтальная кароткамэтражка)
- Першы партрэт (1970, дакумэнтальная кароткамэтражка)
- Тэхніка бясьпекі пры эксплюатацыі будаўніча-дарожных машынаў (1971, навукова-папулярны фільм)
- Правілы паводзінаў насельніцтва пры пагрозе нападу праціўніка (1974, навукова-папулярны фільм)
- Бясьпека на лентачных канвэерах (навукова-папулярны фільм)
- Бурэньне на ваду (1971, навучальны фільм)
- Першасная апрацоўка лёну (1972, навучальны фільм)
- Камплект абсталяваньня харчацэху сьвінагадоўчых фэрмаў (1973, навучальны фільм)
- Палонныя вартавое вежы (1975, дакумэнтальны фільм)
- Справа ўсіх і кожнага (1975, дакумэнтальны фільм)
- Люцэрна (1980, навукова-папулярны фільм)
- Фабрыка ялавічыны (1981, навукова-папулярны фільм)
- Апрацоўка харчовага люпіну прагрэсіўнай тэхналёгіяй (1984, навукова-папулярны фільм)
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад шлюбу зь Янінай Карвацкай (1920—1988) меў сына Віктара (1939—1995) і дачку Ірыну (1949—2002), ад якіх адпаведна меў унука Аляксандра Яна Стральцова-Карвацкага (нарадзіўся 27 сьнежня 1970) і ўнучку Надзею са Стральцовых Гацачыху (нарадзілася 26 сьнежня 1986).
Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.