Перайсьці да зьместу

Тух Манук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Капліца Тух Манк у вёсцы Ашакан.

Тух Манук (па-армянску: Թուխ մանուկ — «Цёмны падлетак») — адзін зь відаў армянскіх народных сьвяцілішчаў. Маюць дахрысьціянскае паходжаньне[1]. Злучаны з адным з пэрсанажаў армянскай міталёгіі. У наш час Тух Манук таксама зьяўляюцца часткай традыцый Армянскай апостальскай царквы[2][3].

Паводле крыніц XIX стагодзьдзя, сьвяцілішчы Тух Манук былі шырока пашыраны на тэрыторыі гістарычнай Армэніі. У некаторых селішчах існавалі некалькі такіх сьвяцілішчаў[4].

Па сваім выглядзе сьвяцілішча Тух Манук могуць моцна адрозьнівацца адзін ад аднаго: гэта можа быць царква, капліца, хатка са спадзістым дахам, купа камянёў, хачкар, скала з крыжам, дальмэн, мэнгір, невялікія могілкі і да т. п. Адметных прыкмет, апроч назвы «Тух Манук» дадзеныя сьвяцілішчы ня маюць[4].

Сьвяцілішчы могуць знаходзіцца на вяршынях узгоркаў, каля крыніц, на могільніках, у дарог, або проста па-за населенымі пунктамі. Яны зьяўляюцца аб’ектамі паломніцтва: некаторыя сьвяцілішчы наведваюць падчас хрысьціянскіх сьвят, іншыя — у свае вызначаныя дні. Паломнікі вераць, што наведваньне сьвяцілішча можа вылекаваць хваробу. Часта побач са сьвяцілішчам растуць дрэвы, якія лічацца сьвятымі. На іх галіны паломнікі завязваюць лапікі матэрыі — лічыцца, што так яны пакідаюць там свае хваробы. Крыніцы каля сьвяцілішчаў таксама лічацца сьвятымі, а іх вада — гаючай[4].

Нягледзячы на наяўнасьць цэркваў Тух Манук, такога сьвятога не існавала ў хрысьціянстве. Легенды пра Тух Манука моцна адрозьніваюцца. Гэты пэрсанаж можа апісвацца як дзіцё, юнак, барадаты мужчына сярэдніх гадоў, стары ці ж кабета. У некаторых легендах Тух Манук — гэта маленькі Ісус Хрыстос. Лічыцца, што Тух Манк можа дапамагчы, абараніць, папярэдзіць пра небясьпеку ці нешта параіць[4].