Перайсьці да зьместу

Трыскайдэкафобія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гатэль з пакоямі, пранумараванымі 11, 12 і 14

Трыскайдэкафо́бія (ад стар.-грэц. τρεισ — «3», καί — «і», δεκα — «10» і φόβος — «страх», «фобія») — боязь ліку 13; гэта прымха зьвязаная з боязьзю пятніцы 13, вядомаю таксама як параскевідэкатрыяфобія.

Тэрмін «трыскайдэкафобія» ўпершыню ўжыў Айсэдор Корыят у сваёй кнізе Abnormal Psychology[1].

Існуе аблуда, што найранейшыя згадкі пра лік 13 як нешчасьлівы сустракаюцца ў бабілёнскім зводзе законаў Хамурапі (каля 1780 да н. э.), у якім нібыта прапушчаны трынаццаты закон. Насамрэч гэты кодэкс ня меў нумарацыі, а ў перакладзе Л. В. Кінга 1910 року прапушчаны адзін пункт:

Калі гандляр скончыў (свой) лёс (т. б. сканаў), пакупнік павінен атрымаць кампэнсацыю у, напрыклад, пяціразовым памеры з маёмасьці прадаўца.

Іншыя пераклады Кодэксу Хамурапі ўключаюць гэты 13-ы артыкул[2].

Дом №13 у Апэлдорне (Нідэрлянды)

Паводле вераваньняў некаторых хрысьціянаў лічыцца, што на Апошняй вячэры 13-м чалавекам за сталом сядзеў Юда, які здрадзіў Ісусу[3]. Аднак у Бібліі нічога не сказана пра парадак, у якім апосталы сядзелі за сталом. Да таго ж лік 13 ня ёсьць нешчасьлівым у юдэя-хрысьціянскай традыцыі. Так, кніга Выхад пералічвае трынаццаць атрыбутаў міласэрнасьці Божае[4]. Некаторыя хрысьціянскія цэрквы таксама ўжываюць гэтыя 13 атрыбутаў у сваіх набажэнствах.

Магчыма, трыскайдэкафобія была вядомая таксама й вікінгам. Лічыцца, што ў пантэоне нарвэскіх багоў Локі быў 13-м. Дакладней, ён быў адным з арганізатараў забойства Бальдра, і быў 13-м госьцем на ягоным пахаваньні[5]. Магчыма, адсюль паходзіць прымха, паводле якой з 13 чалавек, што сабраліся разам за абедзенным сталом, адзін абавязкова памрэ ў наступным року.

Старажытныя пэрсы верылі, што дванаццаць задыякальных сузор’яў кантралявалі месяцы году, і кожнае зь іх кіравала Зямлёй цягам 1000 рокаў. Па сканчэньні пэрыяду ўсіх кіраваньняў зямля і неба зьнікнуць у хаосе. Таму ў пэрсаў лік 13 атаясамліваецца з хаосам, і па традыцыі яны праводзяць трынаццаты дзень паводле іранскага календару па-за хатамі, каб не прыцягваць няўдачу.

У пятніцу, 13 кастрычніка 1307 року Філіп IV (кароль Францыі) аддаў загад на арышт усіх тампліераў. У XX стагодзьдзі гэты факт стаў вельмі папулярным для абгрунтаваньня «нешчасьлівасьці» пятніцы 13.

У 1881 уплывовыя жыхары Нью-Ёрку на чале зь ветэранам Грамадзянскай вайны капітанам Ўільямам Фаўлерам вырашылі пакласьці канец гэтай і некаторым іншым забабонам. Яны стварылі абедзенны клюб пад назваю «Клюб трынаццаці». На першым пасяджэньні ў пятніцу 13 студзеня 1881 а 20:13 13 чальцоў клюбу селі разам за стол у пакоі №13 у памяшканьні клюбу. Каб трапіць у пакой, госьці праходзілі пад лесьвіцай і сядалі між купак рассыпанай солі. Цягам наступным 40 рокаў ва ўсёй Паўночнай Амэрыцы паўсталі падобныя «клюбы 13-ці». Іхняя дзейнасьць актыўна асьвятлялася ў прэсе, а сярод удзельнікаў клюбаў былі пяць будучых прэзыдэнтаў ЗША ад Чэстэра Артура да Тэадора Рузвэльта.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Isador H. Coriat. Abnormal Psychology. — Read Books. — 2008. — С. 319. — ISBN 9781409770701
  2. Hammurabi. Hammurabi, The Code of Hammurabi [2250 BC] (анг.) The Online Library of Liberty. Library of Liberty. Праверана 27 лістапада 2012 г.
  3. Cecil Adams. (6 лістапада 1992) Why is the number 13 considered unlucky? (анг.). The Straight Dope. Праверана 27 лістапада 2012 г.
  4. Ronald L. Eisenberg. The 13 Attributes of Mercy (анг.) My Jewish Learning Праверана 27 лістапада 2012 г.
  5. Oberon Zell-Ravenheart. Companion for the Apprentice Wizard. — Career Press, 2006. — С. 200.
  • Lachenmeyer, Nathaniel. 13: The Story of the World’s Most Popular Superstition. — New York: 2004. — ISBN 1-56858-306-0
  • Julian Havil. Nonplussed: Mathematical Proof of Implausible Ideas. — Princeton University Press, 2007. — С. 152. — ISBN 0-691-12056-0
  • O’Neil, Daniel. Fear of 13: Tales over dinner. — 2008.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]