Перайсьці да зьместу

Сэн-Жэрмэнскі палац

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каралеўскі палац-замак у Сэн-Жэрмэн-ан-Ле

Сэн-Жэрмэнскі палац (па-француску: Château de Saint-Germain-en-Laye) — былая каралеўская рэзыдэнцыя ў парыскім прадмесьці Сэн-Жэрмэн-ан-Ле, непадалёк ад Сэны, цяпер Нацыянальны музэй археалёгіі. Яшчэ ў 1122 годзе Людовік VI пабудаваў на месцы цяпер існуючага будынка замак Гран-Шатлё, разбураны Эдуардам Чорным Прынцам у 1346 годзе. Ад яго захавалася Сьвятая Капэла, збудаваная П’ерам дэ Мантроем для Людовіка IX, — архітэктурны правобраз аднайменнага збудаваньня ў Парыжы. Гэтая наватарская, з выкарыстаньнем мэталаканструкцыяў, пабудова ўтрымоўвала неацэнныя хрысьціянскія рэліквіі, уключаючы цярновы вянок, прададзены францускаму каралю імпэратарам Балдўінам II у 1239 годзе.

Карл V аднавіў разбураны замак на старым месцы, а Францыск I цалкам перабудаваў яго. Майстар францускага рэнэсансу Філібэрт Дэлёрм узьвёў для Гэнрыха II насупраць гэтага старога замка рэзыдэнцыю ў найноўшым італьянскім гусьце па вобразу й падабенству вілы Лянтэ. Іскрынкай гэтага палаца быў рэгулярны сад, адзін зь першых у Францыі. Людовік XIII перавёў у Сэн-Жэрмэн-ан-Ле свой двор; тутака ж у яго нарадзіўся доўгачаканы спадчыньнік — Людовік XIV.

«Кароль-сонца» ня вельмі любіў палац свайго бацькі й аддаваў перавагу праводзіць час у старым замку, а потым і зусім зьехаў у Вэрсаль. Тым ня менш за ягонымі часамі абодва будынкі й сады былі абноўлены й рэканструяваны пры ўдзеле Люі Лево й Андрэ Лянотра. У 1688 годзе Сэн-Жэрмэн-ан-Ле стаў рэзыдэнцыяй выгнанага з Ангельшчыны караля Якава II Ст’юарта, які тут памёр і быў пахаваны. На працягу ўсяго XVIII стагодзьдзя палац заставаўся цэнтрам якабіцкага руху, хоць галава Ст’юартаў пасьля Утрэхцкага замірэньня перабраўся з Францыі ў Рым.

Апошнія гады «старага рэжыму» адзначыліся заняпадам Сэн-Жэрмэнскай рэзыдэнцыі. Людовік XVI прэзэнтаваў «новы» палац Гэнрыха II свайму брату графу Артуа, які замест аднаўленьня практычна цалкам зьнёс яго й распрадаў зямельныя ўгодзьдзі. Ацалела толькі крыло Гэнрыха IV. Што да «старога» палаца-замка, Напалеон I разьмясьціў у ягоных пустуючых залях кавалерыйскую школу, а ягоны пляменьнік Напалеон III у 1867 годзе пасьля рэстаўрацыі перадаў іх створанаму Музэю археалёгіі.

Вуглавая лесьвічная вежа Новы палац (страчаны) Стары палац

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]