Сьвяты Генадзь Магілёўскі
Сьвяты Гена́дзь Магілёўскі (пачатак XVI стагодзьдзя, Магілёў — 23 студзеня 1565, Кастрамскі манастыр, Кастрама, Расея) — прападобны Магілёўскі, Кастрамскі і Любімаградзкі, далучаны да Сабору беларускіх сьвятых.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў прападобны зь Літоўскай Русі. Нарадзіўся ў пачатку XVI стагодзьдзя ў горадзе Магілёве. Быў адзіным сынам у заможнай сям’і зямяніна Івана і яго жонкі Алены, пры хрышчэньні бацькі назвалі сына Рыгорам. Зь дзяцінства прападобны адрозьніваўся богабаязнасьцю, зь вялікай стараннасьцю наведваў царкоўныя службы, сьпяваў на клірасе. У юнацтве Рыгор надоўга пакідаў бацькоўскі дом, «на крыле царкоўным жывучы, дзень і ноч маліўся Богу». Заможныя бацькі былі незадаволены гэтым, бо жадалі яму багацьця і зямнога шчасьця. Аднойчы Рыгор пакінуў бацькоўскі дом, каб пасяліцца ў адным з манастыроў. Пэўны час зь іншымі вандроўнікамі ён падарожнічаў па Літоўскай зямлі, пакутуючы ад нягод і злых людзей.
Празь нейкі час прападобны прыйшоў у Маскву, дзе сустрэўся зь юнаком Фёдарам і разам зь ім пачаў шукаць месца для манаскага пострыгу. Так яны дайшлі да Валагодзкіх лясоў, дзе жыў шырока вядомы сваім падзьвіжніцтвам старац Карнілі Валагодзкі.
Тут Рыгор прыняў манаскі пострыг зь імем Генадзь і стаў насельнікам гэтай абіцелі. Атрымаўшы паслушэнства, выпрабоўваў сябе пастом і цяжкай фізычнай працай. Затым, імкнучыся да духоўнага ўзрастаньня, прыняў абет маўчаньня.
У хуткім часе Генадзь адышоў у пустыннае месца і паводле дабраславеньня старца Карнілія стварыў новы манастыр. Уладкаваўшы сьвятую абіцель, прападобны Генадзь праславіўся руплівасьцю, любоўю да Госпада і пабожнасьцю. Але зайздрасьць і інтрыгі насельнікаў вымусілі яго пакінуць абіцель і пайсьці ў глухія лясы на Сурское возера. Тут у бязьлюдным дзікім месцы заснаваў прападобны новую абіцель, куды неўзабаве перабраўся і старац Карнілій. Ціхае і мірнае жыцьцё заахвочвала і іншых манахаў да сумеснага пражываньня пад ігуменствам прападобнага Генадзя.
У 1529 годзе па загаду вялікага князя маскоўскага старац Карнілій вярнуўся ў ранейшы Белаазерскі манастыр, пакінуўшы прападобнаму Генадзю запавет пабудаваць Сьвята-Праабражэнскую царкву. Гэты запавет хутка быў выкананы, і ў манастыры сталі дзейнічаць ужо дзьве царквы — Праабражэнская і ў імя прападобнага Сергія Раданескага. Прападобны Генадзь зь вялікай любоўю ўпрыгожваў манастырскія цэрквы, з асаблівым стараньнем займаўся іконапісам. Ён нястомна накіроўваў духоўных братоў на ўзрастаньне ў духу, сам даючы прыклад посьніцтва і малітоўнасьці.
Яшчэ пры жыцьці прападобны праславіўся шматлікімі прароцтвамі і цудамі ацаленьня хворых. Па малітве сьвятога Генадзя ў 1559 годзе атрымаў ад Госпада выздараўленьне і япіскап Валагодзкі Кіпрыян.
Спачыў прападобны Генадзь 23 студзеня 1565 году, пакінуўшы насельнікам манастыра духоўны запавет, які ня страціў значэньня і для сучасьнікаў. Пахавалі прападобнага на манастырскім падворку, і адразу пасьля сьмерці ён стаў ушаноўвацца сваімі духоўнымі дзецьмі.
Праз 50 гадоў быў пабудаваны храм, асьвячоны ў гонар сьвятога. Яшчэ раней ігуменам Аляксіем было складзена жыціе і служба сьвятому. У 1644 годзе пры капаньні рову пад царкву былі аднойдзены мошчы прападобнага і з пашанай пакладзены ў царкве сьвятога Аляксія — чалавека Божага. Цяпер нятленныя мошчы прападобнага спачываюць у Кастраме.
Трапар прападобнаму Генадзю Магілёўскаму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яко пустыннолюбивая горлица, / от суетнаго и многомятежнаго мира в пустыню удалився, / чистотою и говением, молитвами и труждением / прославил еси Бога в душе и телеси своем. / И тако благочестно пожив, / явился еси, преподобне Геннадие, пустыни Любимоградския украшение, / иноком честнаго жития образ / и теплый молитвенник за всех, / притекающих к тебе с верою.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жыцьцё Прападобнага, цуды
- Спаса-Праабражэнскі Генадзяў манастыр(недаступная спасылка)
- Афіцыйны сайт Спаса-Праабражэнскага Генадзява манастыра
- акафіст на царкоўна-славянскай мове(недаступная спасылка)
- Жыцьці сьвятых Любімаграда
- «Па месцах прападобнага Генадзя» шмат здымкаў