Перайсьці да зьместу

Спэцхран

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Сьпіс асобаў, усе творы якіх належыць выняць» (1960) дзеля далейшай перадачы ў спэцсховішчы альбо зьнішчэньня(d)

Спэцхра́н[1] (па-расейску: спецхран ад отдел специального хранения — «аддзел асаблівага захоўваньня») — у СССР асаблівы аддзел у бібліятэцы, рэжымны аб’ект, досяг да якога быў абмежаваны. У гэтых аддзелах знаходзіліся выданьні, азнаямленьне з якімі шырокай публікі лічылася непажаданым з ідэалягічных меркаваньняў, а таксама аднесеныя паводле разнастайных меркаваньняў да катэгорыі «Для службовага карыстаньня» альбо «Сакрэтна».

Сусьветная практыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аддзелы, у якіх захоўваецца закрытая для грамадзтва літаратура, існуюць у большасьці бібліятэк сьвету. Найстарэйшы зь іх — «Пекла(d)» (па-француску: Enfer (bibliothèque)) францускай Нацыянальнай бібліятэкі, які існуе з XVII стагодзьдзя. Да рэвалюцыі сюды складалі літаратуру, забароненую з палітычных ці рэлігійных прычынаў, а таксама канфіскаваныя ў часе ператрусаў рукапісы (любога зьместу).

Зьявіліся спэцхраны ў пачатку 1920-х рокаў. Паводле пастановы Саўнаркаму РСФСР ад 30 чэрвеня 1920 року Цэнтральная кніжная палата стала атрымліваць 3 асобнікі сакрэтнай літаратуры — выданьняў РСЧА, РВС, УНК. У 1921 року спэцхран Кніжнай палаты пачаў атрымліваць эмігранцкія газэты і часопісы.

Спэцхраны ў бібліятэках былі створаныя пастановай СНК РСФСР ад 12 сьнежня 1921[2].

12 студзеня 1922 року была прынятая пастанова, паводле якой у сакрэтны аддзел пачалі перадаваць канфіскаваныя кнігі, выдадзеныя без дазволу цэнзуры. Паводле распрацаванай інструкцыі, карыстацца сакрэтнымі дакумэнтамі можна было толькі з дазволу старшыні Саўнаркаму, народнага камісара асьветы ці ягоных намесьнікаў, сябраў ЦК РКП(б) або прэзыдыюму УНК. Пры гэтым у дазволе шторазу трэба было дакладна пералічваць дакумэнты, якія можна было выдаць, а таксама імя, імя па бацьку і прозьвішча ўпаўнаважанай асобы. У 1923 року спэцхраны перайшлі пад апеку Галоўнай управы літаратуры(d) і Галоўнага палітычна-асьветніцкага камітэту(d). У выніку «чыстак» бібліятэк туды скіравалі вялікую колькасьць літаратуры, часам ці ня ўсю літаратуру з гісторыі і філязофіі. За сталінскім часам у спэцхраны сталі хаваць выданьні, дзе якім-кольвек чынам згадваліся імёны «ворагаў народа».

У 1930-я рокі ў спэцхраны трапілі сотні кнігаў беларускіх аўтараў, названых «буржуазнымі нацыяналістамі» або «контрарэвалюцыянэрамі», беларуская пэрыёдыка 20-х і 30-х[1].

Літаратура спэцхранаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У спэцхранах зьберагаліся:

  • Некамуністычныя выданьні часоў грамадзянскай вайны.
  • Савецкія кнігі 1918—1936 рокаў, у якіх згадваліся непрымальныя з пункту гледжаньня ўладаў фігуры, напрыклад Леў Троцкі, Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў, Мікалай Бухарын ды іхнія творы.
  • Кнігі, часопісы і газэты маскальскай мовай, выдадзеныя эмігранцкімі альбо заходнімі выдавецтвамі (незалежна ад зьместу).
  • Кнігі, газэты і часопісы замежнымі мовамі.

Любая ішаземная літаратура падзялялася на дзьве вялікія катэгорыі: для агульнага выкарыстаньня і закрытая для агульнага доступу. Закрытая катэгорыя далей падзялялася яшчэ на чатыры паводле ўзроўню досягу: 1 с, 2 с, Зс і 4 с. У сьпіс 1 с уваходзілі толькі ЦК УКП(б) (ЦК КПСС), КДБ, Бібліятэка імя Леніна і Фундамэнтальная бібліятэка грамадзкіх навук АН СССР. Астатнія сьпісы мелі меншы ўзровень досягу; так, у спэцхраны катэгорыі 4 с (як, прыкладам, спэцхран Акадэміі навук СССР) трапляла толькі чвэрць забароненай літаратуры[3].

У 1988 року спэцхран Бібліятэкі імя Леніна налічваў больш як 300 тысячаў назваў кніг, больш як 560 тысяч часопісаў, ня меней за мільён газэтаў.

Ад сакавіка 1987 року ў сувязі з правядзеньнем палітыкі галоснасьці пачалася перадача кніг са спэцхранаў у адкрытыя фонды, для чаго створаная адмысловая камісія. Да кастрычніка 1988 року ў адкрытыя фонды пераведзеныя 7930 выданьняў, 462 выданьні пакінутыя закрытымі як «відавочна антысавецкія, паклёпніцкія на Ўладізмера Леніна, КПСС, СССР і народ, белагвардзейскія, сіянісцкія, нацыяналістычныя». Творы колішніх савецкіх аўтараў-эмігрантаў таксама засталіся ў спэцхранах нароўні з парнаграфічнай, фашысцкай літаратурай, літаратурай пра выбуховыя рэчывы і наркотыкі.

Канчаткова спэцхраны ліквідаваныя загадам Галоўная ўправа ў ахове таямніцаў у друку СССР 9 ліпеня 1990 року, усе кнігі належала перадаць у агульныя фонды.

  1. ^ а б Навумчык, Сяргей (16 лістапада 2023) «Спэцхран» і вогнішча для беларускай літаратуры. На ўзбраеньне ўзятыя мэтады 30-х гадоў Аналітыка. Радыё „Свабода“Праверана 16 лістапада 2023 г.
  2. ^ 1933 год. 16 июня. Секретный циркуляр ЦК ВКП(б) №113/79 (рас.) Руниверс Праверана 16 лістапада 2023 г. Архіўная копія ад 5 чэрвеня 2023 г.
  3. ^ Лютова К. В. Отдел спецфондов в 60—80 гг. // Спецхран библиотеки Академии наук. — СПб: Издательский отдел Библиотеки Академии наук, 1999.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]