Сар’янка
Сар’янка | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | воз. Біжас |
Вусьце | Дзьвіна |
Краіны басэйну | Беларусь, Латвія |
Вобласьці | Верхнядзьвінскі раён, Люцынскі край і Краслаўскі край |
Даўжыня | 87 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 7,4 м³/с |
Плошча басэйну | 1000 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,9 ‰ |
Сар’я́нка (па-латыску: Sarjanka, Sārija) — рака ў Люцынскім і Краслаўскім раёнах Латвіі ды ў Дрысенскім раёне Беларусі. Выцякае з усходняга краю возера Біжас, упадае ў Дзьвіну за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Вусьце (дакладныя геаграфічныя каардынаты: шырыня — 55° 49' 60 N, даўжыня — 27° 52' 60 E). Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша й паўночна-заходняй часткі Полацкай нізіны. На адлегласьці ў 7 км рака ўтварае натуральную мяжу паміж Беларусяй і Латвіяй.
Даўжыня ракі — 87 км (зь якіх 38 км прыпадаюць на беларускі ўчастак), плошча вадазбору — 1000 км² (у Беларусі — 800 км²), сярэднегадавы расход вады ў вусьці — 7,4 м³/с, сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,9‰. Найвялікшыя прытокі — Асуніца, Ціўша (справа) і Тур’я (зьлева). У басэйне ракі знаходзяцца 75 дробных азёраў агульнай плошчай 29 км². Рэкі Сар’янка й Асуніца зьяўляюцца адным з этапаў адзінага ў Беларусі воднага турысцкага маршруту 2-й катэгорыі складанасьці.
Даліна ракі трапэцападобная, пераважная шырыня — 250—300 м. Пойма перарывістая, шырыня — ад 150 да 200 м, у паводку затапляецца на глыбіню да 1 м, а ў высокую паводку — нават да 1,5—2,5 м. Схілы вышынёй да 10—15 м, перарэзаныя ярамі. Рэчышча зьвілістае, шырынёй 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэньні й 15—25 — у ніжнім. На тэрыторыі Латвіі рэчышча Сар’янкі на працягу 15 км штучна рэгулявалася.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фота Сар’янкі на radzima.org
- Экалягічны стан вадазбору Сар’янкі
- Saryanka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. — S. 329