Салезіяне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Салезіянцы Дона Боска»)
Салезіяне Дона Боска

Герб салезіянаў

Рэгіёны дзейнасьці салезіянаў
Абрэвіятура SDB
Дэвіз Da mihi Animas cætera tolle («Дай мне душы, забяры рэшту»)
Дата ўтварэньня 18 сьнежня 1859 (164 гады таму)
Тып рэлігійная кангрэгацыя (рэлігійны інстытут папскага права)
Штаб-кватэра Апэратыўнае агульнае кіраўніцтва Дона Боска
Вія Марсаля,
Рым
Галоўны рэктар айцец Анхель Фэрнандэс Артымэ, S.D.B.
Вікары галоўнага рэктара айцец Франчэска Чэрэда
Кіроўны орган Галоўны рэктар і Агульная рада
Колькасьць супрацоўнікаў 14 884 (2017)
Сайт www.sdb.org
Колішняя назва Таварыства сьвятога Францішка Сальскага
Сьвяты Ян Боска, заснавальнік кангрэгацыі

Салезіяне Дона Боска, Таварыства сьв. Францішка Сальскага ці Салезіянцы (па-лацінску: Societas Sancti Francisci Salesii, SDB) — рыма-каталіцкая манаская кангрэгацыя папскага права, заснаваная сьв. Янам Боскам (1815—1888) 18 сьнежня 1859 року ў Турыне (Італія). Кангрэгацыя названая ў гонар сьв. Францішка Салескага.

Апекуны кангрэгацыі — Дзева Марыя Памочніца Хрысьціянаў, сьвяты Францішак Салескі, сьвяты Ян Боска.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дон Ян Боска пасьвяціў сваё жыцьцё працы з убогімі дзецьмі й юнакамі. У 1845 року ён адкрыў першую вячэрнюю школу для дзяцей у Вальдока (цяпер прадмесьце Турыну). Да 1857 стварыў яшчэ некалькі школаў, каб даваць дзецям прытулак, адукацыю, ладзіць катэхізацыю і падрыхтоўваць да сталага жыцьця. 18 сьнежня 1859 року Ян Боска заснаваў супольнасьць, якую назваў «Пабожнае таварыства сьвятога Францішка Салескага». У групу ўваходзілі 17 чалавек, зь якіх 15 клірыкаў, адзін сьвятар і адзін студэнт.

2 лютага 1863 року заснаваны першы кляштар па-за Турынам, у Мірабэльлё. У 1873 року статут таварыства быў ухвалены Папам Піюсам IX, пасьля чаго пачаўся хуткі рост таварыства. 9 лістапада 1875 адкрыўся першы кляштар па-за Італіяй, у Францыі.

У 1877 пачалося выданьне «Салезіянскага бюлетэню». за дзесяцігодзьдзе таварыства распаўсюдзілася ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Гішпаніі і Паўднёвай Амэрыцы. Па сьмерці Дона Боска (31 студзеня 1888) у 57 кляштарах, аб’яднаных у 6 абласьцей, салезіянцаў налічвалася 773 чалавекі, навіцыяў 276. Яны жылі ў 10 краінах Эўропы ды Амэрыкі.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле стану на 2017 салезіяне зьяўляліся адным з найвялікшых каталіцкіх манаскіх ордэнаў: іхнія шэрагі складалі 14 884 манахі (10 191 зь якіх — сьвятары)[1].

Мэтаю апостальскага служэньня салезіянаў ёсьць выхавальна-душпастырская апека над дзецьмі і моладзю; іхняе рэлігійнае, духоўнае і прафэсійнае выхаваньне. У розных дзяржавах сьвету салезіяне ўтрымліваюць школы і навучальныя ўстановы для моладзі незалежна ад ейнага паходжаньня; прытулкі для бяздомных ці праблемнай моладзі; дзіцячыя клюбы і цэнтры творчасьці. Афіцыйны ўнівэрсытэт Салезіянскага таварыства — Папскі Салезіянскі ўнівэрсытэт у Рыме.

Заснавальнік ордэну салезіянаў вядомы ня толькі як выхавацель і апякун моладзі; адной з найважнейшых задачаў таварыства Ян Боска лічыў місіянэрскую дзейнасьць у Царкве. Першая місія кангрэгацыі паўстала ў Патагоніі. Па сьмерці Яна Боскі ягоны наступнік ксёндз Мікеле Руа заняўся пашырэньнем місіянэрскай дзейнасьці. У 1891 року салезіяне зьявіліся ў Альжыры, адкуль пачалася іхняя дзейнасьць у Афрыцы. Першымі салезіянскімі пляцоўкамі ў Азіі стала школы і прытулкі, адкрытыя ў 1882 року ў Палестыне. У 1897 року салезіяне распачалі місіянэрскую дзейнасьць у Злучаных Штатах Амэрыкі.

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Cheney, David M. Salesians of Saint John Bosco (анг.) Catholic-Hierarchy Праверана 18 лютага 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салезіянесховішча мультымэдыйных матэрыялаў