Рэстаўрацыя Мэйдзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Імпэратар Муцухіта (Мэйдзі), які ўзьяднаў імпэрыю пад сваёй уладай.

Рэвалю́цыя Мэйдзі́ ці Рэстаўра́цыя Мэйдзі́ (па-японску: 明治維新, мэйдзі ісін, «абнаўленьне [гадоў] Мэйдзі») — падзея, якая адбылася ў Японіі ў 1870-х—1880-х гадох і мела пад сабой пераход ад самурайскай сыстэмы кіраваньня краінай у выглядзе сёгунату Эда да наўпростага імпэратарскага кіраваньня ў асобе імпэратара Муцухіта і ягонага ўраду, а таксама сукупнасьць палітычных, сацыяльных і эканамічных рэформаў, якія былі ажыцьцёўленыя гэтым урадам.

Палітыка рэстаўрацыі імпэратарскай улады істотна паўплывала на бюракратычны апарат, заканадаўства, імпэратарскі двор, сыстэму станаў, правінцыйную адміністрацыю, фінансы, прамысловасьць, дыпляматыю, асьвету, рэлігію ды іншыя сфэры жыцьця японцаў. З рэстаўрацыяй Мэйдзі зьвязваецца фармаваньне японскай нацыянальнай дзяржавы і японскай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гады Мэйдзі характарызаваліся ламаньнем японскага традыцыйнага ладу жыцьця і прысьпешаным укараненьнем дасягненьняў заходняй цывілізацыі.

Няма пэўнага меркаваньня пра дакладны час пачатку «Рэстаўрацыі Мэйдзі». Паводле адной вэрсіі яна пачалася 23 кастрычніка 1868 году разам са зьменай дэвізу імпэратарскага праўленьня на Мэйдзі (асьвечанае кіраваньне). Але часта яе пачатак датуюць 9 лістапада 1867 году, так званай падзеяй «Вяртаньня вялікага кіраваньня» (яп. 大政奉還), калі сёгун Такугава Ёсінобу вярнуў сталічнаму імпэратарскаму двару права наўпростага кіраваньня ў Японіі.

Ня вызначаная і завяршальная дата «рэстаўрацыі». Некаторыя ўважаюць, што гэта было заканчэньне Паўднёва-заходняй вайны ў 1877 годзе. Другія цьвердзяць, што рэстаўрацыя Мэйдзі скончылася з стварэньнем сыстэмы Кабінэту міністраў у 1885 годзе. Трэція мяркуюць, што фіналам усіх рэформаў было ўсталяваньне асобнай заканадаўчай галіны ўлады ў краіне ў 1889 годзе.

У часы рэстаўрацыі Мэйдзі японскі ўрад часьцяком называў сябе «новым урадам», але зьняважліва яго звалі «ханскім урадам», бо большасьць яго чальцоў паходзіла з самурайскіх ханаў Сацума (род Сімадзу) і Цёсю (род Моры), а таксама жменькі кіёцкіх арыстакратаў, якія правілі аўтарытарнымі мэтадамі. Але набор сярэдніх бюракратаў і чыноўнікаў зьдзяйсьняўся без прывязкі да сямейнага, клянавага ці тэрытарыяльнага паходжаньня кандыдата.

Рэстаўрацыя Мэйдзі была рэакцыяй кіруючых колаў Японіі на каляніяльную палітыку дзяржаваў Захаду — Расейскай, Брытанскай імпэрыяй, ЗША і Францыі. За кароткі час японцы мадэрнізавалі і вэстэрнізавалі сваю краіну, унебясьпечыўшы яе ад вонкавай агрэсіі. Самая Японія і ейны манархічны лад сталі ўзорамі для перайманьня многіх дзяржаваў Азіі. Аднак Рэстаўрацыя Мэйдзі заклала таксама асновы для разгортваньня імпэрыялістычнай вайны на кантынэнце, якую японскія кіруючыя колы разглядалі як працяг абароны Японіі і вызваленьне Азіі ад эўрапейска-амэрыканскага каляніяльнага прыгнёту.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэстаўрацыя Мэйдзісховішча мультымэдыйных матэрыялаў