Перайсьці да зьместу

B_Side

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «РоСтра»)
B_Side
Гады 2003—дагэтуль
Краіна
Месца ўтварэньня Беларусь
Жанр трып-гоп
(раней — арт-рок)
Выдавец DustedWax Kingdom
b-side.by

B_Side (былая назва — РоСтра) — беларускі трып-гоп гурт, заснаваны летам 2003 году. Зь верасьня 2010 году перайменаваны ў «B_Side» ў сувязі з адыходам калектыва ад стылістыкі арт-року[1].

Гурт «РоСтра» заснаваны пяцьцю яго будучымі ўдзельнікамі (назва гурта азначала ўпрыгожваньне на карме карабля)[2]. Першым выступам калектыву на шырокай публіцы стаў вечар памяці Аляксандра Башлачова 28 траўня 2005 году ў клюбе «Аквариум». Наступным буйным выступам стаў фэст «Крэўскія камяні»-2005, ад якога бярэ свой пачатак першая беларускамоўная праграма «РоСтры». Гурт таксама выступаў на фэстывалях «Ярмарка здоровья» на Нёмане, «Оттепель» і клюбе «Граффити»[3]. «РоСтра» бралі ўдзел у запісе складанкі «Л. Геніюш: Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі», дзе выконвалі песьню «Куфар»[4].

У 2006 годзе гурт падаваў заяўку на ўдзел у «Басовішчы-2006» і на адборным этапе выйграў прыз глядацкіх сымпатыяў. Удзел у «Басовішчы» стаў першым выступам па-за межамі Беларусі, аднак адразу пасьля фэстывалю з гурта сышлі два чалавекі: клявішнік Аляксандар Галаўнёў і гітарыст Уладзімер Русецкі, які быў заснавальнікам калектыву з 2003 году. З былым клявішнікам была запісаная песьня «Ночка» для трыб’юту Сяргея Новіка-Пяюна, пасьля чаго ён канчатковы выйшаў з творчага працэсу, аднак часам дапамагаў на выступах.

Пасьля канцэрту «Vox Femina: Tribute to Flёur», які адбыўся 16 сьнежня 2006 году, на «ХАТА studio» распачаўся запіс дэбютнага альбома «РоСтры». Ягоны рэліз быў заплянаваны на верасень 2007 году[4]. Неўзабаве песьні гурта трапілі ў ратацыю некалькіх беларускіх радыёстанцыяў. У 2007 годзе гурт стаў паўфіналістам расейскага музычнага конкурсу MuseOn-2007.

У 2009 годзе «РоСтра» напісалі песьню «Нехта» на словы беларускай паэткі Вікі Трэнас[5]. Гэтая кампазыцыя зазнчыла пераход гурта ад арт-року да плыні трып-гопу і даўнтэмпа[1]. За зьменай стылю неўзабаве пасьледвала і зьмена назвы гурта — «B_Side». Музыкі пракамэнтавалі такі крок наступным чынам:

« На адным з апошніх канцэртаў насупраць сваёй назвы мы пабачылі стылістыку «фольк-рок», што канчаткова падштурхнула нас да зьмены назвы… Гэта ня толькі адваротны бок вініла, але і экспэрымэнтальны бок музыкі. b_side — гэта працэс, які абмежаваны, напэўна, толькі космасам. Музыка знаходзіцца вышэй за ўсе межы, таму ў нашых трэках вы зь легкасьцю пачуеце, як беларускую і ангельскую, так і арабскую ды гішпанскую мовы. »

У 2011 годзе гурт выдаў новы альбом «Smooth Season» у стылі трып-гоп, які атрымаў надзвычай станоўчыя адзнакі на партале experty.by[6].

  1. ^ а б Адваротны бок гурта Rostra. Тузін Гітоў (8 верасьня 2010). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ Аляксей Мінчонак (17 ліпеня 2006) «РоСтра»: «Мы не падобныя на іншыя гурты!». Тузін Гітоў. Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Группа «РоСтра»!. http://metalscript.net (9 сьнежня 2006). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  4. ^ а б РоСтра. Generation.by. Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  5. ^ Rostra: у пошуках новага. Тузін Гітоў (15 траўня 2009). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  6. ^ Евгений Долгих (8 жніўня 2011) Внештатный эксперт Е.Долгих: B_Side «Smooth Season». experty.by. Праверана 15 кастрычніка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]