Пячорная купальня
Пячорная купальня (па-вугорску: Barlangfürdő) — геатэрмальныя ванны ў натуральнай пячоры на курорце Мішкальц-Тапольца, які зьяўляецца часткай гораду Мішкальц, Вугоршчына. Другая такая пячорная купальня ёсьць толькі ў горадзе Склене-Цепліце, Славаччына.
Тэрмальныя воды (тэмэратура 30°С), як лічыцца дапамагаюць пры болях у суставах. З-за таго, што яны маюць дастаткова нізкае ўтрыманьне солі, людзі могуць купацца ў ваннах практычна неабмежаваны часу. Пячорную купальню можна наведваць круглы год, акрамя студзеня.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пячоры і тэрмальныя купальні былі вядомы са старажытных часоў, але Тапольца стаў папулярным месцам для купаньня толькі пасьля Асманскай акупацыі Вугоршчыны (XVI—XVII стагодзьдзі). У гэты час тэрыторыя належала грэцкаму праваслаўнаму абацтву Гёрёмбёй; разьвіцьцё Тапольцы як купальнага месца было ідэяй яго ігумена ў 1711 годзе. Менавіта ён прывёз дактароў з гораду Каша (цяпер Кошыцы, Славаччына) вывучаць дабратворны ўплыў вады. Сама пячора тады не выкарыстоўвалася, басэйны знаходзіліся звонку. Вада была халаднейшай за цяперашнюю, таму што зімныя крыніцы Тапольцы (якія цяпер граюць важную ролю ў забясьпячэньні гораду Мішкальц пітной вадой) таксама выкарыстоўваліся. Да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя, пасьля кароткага пэрыяду папулярнасьці, купальні былі забытыя, і да XIX стагодзьдзі іх будынкі стаялі ў руінах.
У 1837 годзе новы ігумен абацтва Гёрёмбёй аднавіў і пашырыў пабудовы. Тады зьявіўся першы крыты плавальны басэйн (усё яшчэ звонку пячоры), прызначаны для заможных наведвальнікаў.
У пачатку XX-га стагодзьдзя, горад Мішкальц, які пашыраўся, набыў гэты зямельны ўчастак у грэцкай праваслаўнай царквы, ня толькі з-за тэрмальных водаў, але і з-за крыніцы пітной вады (якая цяпер забясьпечвае палову водазабесьпячэньня гораду).
У наступныя гады былі пабудаваны новыя грамадзкія лазьні. У 1934 годзе Тапольца была афіцыйна прызнана курортным горадам. У 1939 годзе пачалося будаўніцтва новага купальнага дому. Падчас будаўніцтва былі выяўлены архэалягічныя знаходкі і новая, раней невядомая крыніца вады з тэмпэратурай +31,5°С. Тэрмальная купальня была адкрыта ў 1941 годзе, а ўласна пячорная купальня — толькі 14 траўня 1959 году.
З таго часу купальны комплекс быў пашыраны ў некалькі разоў. Адкрыты басэйн і характэрны дах у выглядзе ракавіны былі пабудаваны ў 1969 годзе. У 1980-х гадах былі пабудаваны новыя памяшканьні з больш цёплай вадой (34 °C і 36 °C). Апошняе пашырэньне купальнага комплексу адбылося ў 1998 годзе.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт (вуг.) (анг.) (ням.) (пол.) (славацк.)
- Пячорная купальня на афіцыйным турыстычным сайце Мішкальца (вуг.) (анг.) (ням.) (пол.) (рас.) (славацк.)