Перайсьці да зьместу

Польская зона акупацыі Нямеччыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Полька правяряе дакумэнты ў канадзкага жаўнера пры заезьдзе ў Гарэн, 7 траўня 1945

Польская зона акупацыі Нямеччыны — частка Брытанскай зоны, створанай хаўрусьнікамі ў ліпені 1945 року ў адпаведнасьці з рашэньнямі Ялцінскай канфэрэнцыі.

Яна займала плошчу 6500 км² у раёнах, прымежных зь Нідэрляндамі: раёны Ашэндорф, Мэпэн і Лінген, і графствы: Бэнтгайм, Бэрзэнбрук і Клёпэнбург, у тым ліку месты Папэнбург, Мэпэн, Лінген і Клёпэнбург у Ніжняй Саксоніі і пэўны час Леер ва Ўсходняй Фрысьляндыі[1].

Ідэя пра вылучэньне палякам асобнай зоны акупацыі ўпершыню зьявілася ў 2-м Канадзкім корпусе, а пасьля была прынятая брытанскай вайсковай адміністрацыяй на чале з маршалам Бэрнардам Мантгомэры.

19 траўня 1945 року жаўнеры 1-й танкавай дывізі генэрала Станіслава Мачэка занялі тэрыторыю і да 28 траўня перасялілі ўсіх нямецкіх жыхароў места Гарэн у суседнія мястэчкі. На іхняе месца былі пераселеныя 5000 палякаў, вызваленых з канцлягероў і лягероў ваеннапалонных. Сярод іх былі й удзельнікі варшаўскіх паўстаньняў, у тым ліку 1728 жанчын, вызваленых зь лягеру Stalag VI C у Обэрлянгене.

У часе свайго візыту ў места 4 чэрвеня 1945 року польскі камандуючы генэрал Тадэвуш Камароўскі даў месту новую назву Мачкаў (польск. Maczków). Цягам двух наступных гадоў Мачкаў быў польскім местам з мэрам, школай, пажарнікамі і польскай парафіяй. Вуліцы атрымалі польскія назвы, кшталту Арміі Краёвай, Легіёнаў, Ягелонская, Зыгмунтоўская, Львоўская, Лычакоўская, Віленская, Польная, Аградовая, Капэрніка, Міцкевіча, Акадэмічная.

З восені 1946 польскія войскі пачалі пакідаць раён, засталіся толькі былыя вязьні ў статусе перамешчаных асобаў. Назва Гарэн была вернутая 10 верасьня 1948 року, калі польскія жаўнеры вярнуліся ў Злучанае каралеўства, а польскія жыхары ў часе брытанскай апэрацыі «Carrot» пераселеныя ў Польшчу або зьехалі ўвасьлед за жаўнерамі.

  1. ^ Polska też miała swoją strefę okupacyjną Niemiec. Dziennik Polski, 18 stycznia 2010  (пол.)