Полацак (цэнтар)
«По́лацак» — беларуска-амэрыканскі культурна-асьветны цэнтар у ЗША. Разьмешчаны ў ваколіцы Стронгсьвіл каля Кліўлэнду, штат (Агаё).
Заснаваны ў 1968 г. па ініцыятыве і пры падтрымцы беларускіх грамадзкіх дзеячаў у эміграцыі Сяргея Карніловіча і Кастуся Калошы. Зьяўляецца месцам сходаў і вечарын грамадзкасьці, сустрэч беларусаў Паўночнай Амэрыкі, сямейных сьвяткаваньняў, мастацкіх выстаў, спартовых спаборніцтваў.
Зьбірае і адпраўляе ў Беларусь гуманітарную дапамогу (у т.л. лекі) пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэньне і аздараўленьне беларускіх дзяцей з забруджанай зоны. На тэрыторыі цэнтру дзейнічае праваслаўная царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяваньне і ў 1991 — 1997 гг. выдаваўся часопіс «Полацак». Кіруючы орган — управа.
Доўгі час кіраўніком цэнтру быў Янка Раковіч.