Пераклады Бібліі на фінскую мову
Перакла́ды Бі́бліі на фі́нскую мо́ву — пераклады Бібліі, выкананыя ў розныя гістарычныя пэрыяды рознымі аўтарамі з мэтаю перакладу на фінскую мову.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пераклад Бібліі на фінскую мову быў выкананы біскупам і дзеячом Рэфармацыі Мікаэлем Агрыкалам (Se Wsi Testamenti Somexi). Пераклад быў выкананы з грэцкіх арыгіналаў у 1548 годзе. Агрыкала за сёньняшнім часам лічыцца бацькам фінскае пісьмовае мовы.
Першы пераклад усёй Бібліі называўся Vanha kirkkoraamattu (па-беларуску: «старацаркоўная Біблія»), у ягоным загалоўку быў пазначаны запіс: Biblia, Se on: Coco Pyhä Ramattu Suomexi. Гэтая рэдакцыя была перакладзеная між 1638 ды 1641 гадамі камітэтам на чале зь біскупам Эрыкам Ратовіюсам. Яна была апублікаваная ў 1642 годзе, а ў пэрыяд 1683—1685 гадоў падвяргалася пераглядам (Флярынус).
Зь цягам стагодзьдзяў, калі йшло разьвіцьцё пісьмовае ды гутарковае фінскае мовы і пісьменнасьць стала пашырацца сярод сьвецкіх людзей, пачала ўзьнікаць патрэба ў новым выданьні. Гэтым выданьнем стала «Biblia», альбо «Vuoden 1776 raamattu» (па-беларуску: «Біблія 1776 году»), якая была апублікаваная ў 1776 годзе. Гэтае выданьне было першым, якое прызначалася яшчэ й для ўнутранага выкарыстаньня і якое ўжывала сучасную фінскую мову, выданьне падвергнулася перагляду ў 1859 годзе. За нашым часам Біблія 1776 году выкарыстоўваецца двума адраджэнскімі (рэвайвэлісцкімі) рухамі (лестадыянамі ды бэсічэрамі) Эвангельскай лютэранскай царквы Фінляндыі. Гэта зьвязана з тым, што, у адрозьненьне ад больш новых перакладаў, ён [пераклад] засноўваецца на Textus Receptus, як, прыкладам, ангельская Біблія караля Якуба.
Зноў патрэба ў новым перакладзе была ўзьнікла напачатку ХХ стагодзьдзя, разам з гэтым у 1911 годзе быў створаны перакладніцкі камітэт, ягоная праца была гатовая ў 1933 годзе, поўнае выданьне Бібліі было апублікаванае ў 1938 годзе. Гэтае выданьне часта называюць «Vuoden 1938 kirkkoraamattu» (па-беларуску: «Царкоўная Біблія 1938 году»). Яно было перакладзенае Фінскай лютэранскай царквою і было прызначанае для лютэранскага выкарыстаньня. У якасьці мэтаду перакладу было ўжытае правіла «адно слова з мовы-крыніцы — адно слова па-фінску», праз гэта тэкст досыць архаізаваны й зьмяшчае дыялектныя тэрміны. Выданьне 1938 году складалася са Старога Запавету, другакананічных кнігаў ды Новага Запавету.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошні афіцыйны пераклад датуецца 1992 годам, гэта так званая «Uusi kirkkoraamattu» (па-беларуску: «Новая Царкоўная Біблія»). Гэта першая фінскамоўная экумэнічная рэдакцыя, у перакладніцкі камітэт уваходзілі ня толькі прадстаўнікі Фінскае Лютэранскае Царквы, але й навукоўцы ды прадстаўнікі Фінскае Праваслаўнае Царквы й Фінскае Каталіцкае Царквы; гэты пераклад прызначаны для ўсіх канфэсіяў. Пераклад 1992 году быў зроблены як спроба як мага больш дакладнага. Першы выпуск складаўся з Новага ды Старога Запавету, пераклад Старога Запавету і другакананічных кнігаў быў скончаны ў 2004 годзе.
«Uuden Maailman käännös» (па-беларуску: «Пераклад Новага Сьвету») — неафіцыйны фінскі пераклад Бібліі, што ўжываецца Сьведкамі Еговы. Ён быў перакладзены са сваёй ангельскай вэрсіі.
Параўнаньне перакладаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераклад | Ян (Johannes) 3:16 |
---|---|
Пераклад 1548 году | Sille Nein on Jumala Mailma racastanut ette he' andoi hene' ainoan Poicans Sempälle ette Jocaine' quin wsko hene' päle's ei pide huckuma' mutta ijancaikise' Eleme' szama'. |
Пераклад 1776 году | Sillä niin on Jumala maailmaa rakastanut, että hän antoi ainoan Poikansa, että jokainen, joka uskoo hänen päällensä, ei pidä hukkuman, mutta ijankaikkisen elämän saaman. |
Пераклад 1938 году | Sillä niin on Jumala maailmaa rakastanut, että hän antoi ainokaisen Poikansa, ettei yksikään, joka häneen uskoo, hukkuisi, vaan hänellä olisi iankaikkinen elämä. |
Пераклад 1992 году | Jumala on rakastanut maailmaa niin paljon, että antoi ainoan Poikansa, jottei yksikään, joka häneen uskoo, joutuisi kadotukseen, vaan saisi iankaikkisen elämän. |
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераклады Бібліі на фінскую мову — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў