Паўстаньне ў Атэнскім Політэхнічным унівэрсытэце
Паўстаньне ў Атэнскім Політэхнічным унівэрсытэце — студэнцкія хваляваньні 14 — 17 лістапада 1973 году ў Атэнах. Студэнты выступілі супраць дыктатуры «Чорных палкоўнікаў». Паўстаньне было жорстка падаўлена вайскоўцамі.
Храналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўстаньне пачалося з таго, што студэнцкія саюзы выказалі пратэст супраць плянаў ураду ўмяшацца ва ўнівэрсытэцкія выбары. Да вечара серады 14 лістапада 1973 году студэнты ўмацаваліся ў Атэнскім політэхнічным унівэрсытэце (Політэхніа) і абвясьцілі аб барацьбе з урадам. Ва ўнівэрсытэце пачала працу самаробная радыёстанцыя, якой атрымалася прыцягнуць увагу жыхароў гораду да таго, што адбываецца.
15-га і 16-га лістапада каля ўнівэрсытэту сабралася некалькі тысячаў чалавек, у асноўным студэнты і школьнікі. Каардынацыйная камісія студэнтаў заклікала да «барацьбы да перамогі». Да вечара пачаліся сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй, якія паступова ахапілі ўвесь цэнтар гораду. А дзевятай вечара ў цэнтры ўжо былі пабудаваныя барыкады, дзе-нідзе пачаліся пажары. У горадзе былі зафіксаваныя перасстрэлкі. Каля адзінаццаці вечара быў аддадзены загад аб умяшаньні войска.
Апоўначы з прыгараднага раёну Гудзі высунулася калёна бронемашын. А 2.45 ночы радыёстанцыя Палітэхніёна перадала свой апошні заклік. Насупраць унівэрсытэту сталі танкі, адзін зь якіх разбурыў браму ўнівэрсытэту. Адбыўся кароткі штурм, падчас якога былі забіты 24 чалавекі і больш за тысячу паранены[1]. Сотні студэнтаў былі арыштаваны. Паводле афіцыйных зьвестак, ахвяраў не было.
Пасьля штурму ВНУ пачаліся антыўрадавыя дэманстрацыі, падаўленыя ваенным рэжымам з ужываньнем зброі. Кіраўнік хунты Георгіяс Пападопулас быў адпраўлены ў адстаўку, на яго месца ваенныя вылучылі Дзімітрыяс Дзімітрыяса Іаанідыса. Пасьля гэтага хунта пратрымалася нядоўга — менш за год.
Спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля аднаўленьня дэмакратычнага ўрада ахвяр Палітэхніа абвясьцілі пакутнікамі. Іх шануюць на дзяржаўным узроўні[2], ім пастаўлены помнікі. Прадаўжальнікамі іх справы лічылі сябе баевікі з левай радыкальнай групоўкі «17 лістапада», якая дзейнічала зь сярэдзіны 70-х да 2002 году.
З моманту аднаўленьня дэмакратычнага праўленьня аж да апошняга часу грэцкія ўнівэрсытэты карысталіся правам экстэрытарыяльнасьці — паліцыі ўваход туды быў забаронены. Дапусьціць паліцыю на тэрыторыю ВНУ магла толькі рэктарская рада, якая складаецца з выкладчыкаў і студэнтаў, прычым патрабавалася аднагалосная пастанова.