Перайсьці да зьместу

Паўстаньне Хасана Ісраілава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паўстаньне Хасана Ісраілава — антысавецкі ўзброены супраціў на чале з Хасанам Ісраілавым на тэрыторыі Чачэна-Інгускае АССР у 1940-х.

Распачатыя ў канцы 1930-х масавыя рэпрэсіі і, асабліва, «генэральная апэрацыя па вынішчэньні антысавецкіх элемэнтаў», праведзеная органамі НКУС у жніўні 1937, падчас якое ў Чачэна-Інгушэтыі былі арыштаваныя больш за 10 тысячаў чалавек і зьнішчаныя практычна ўсе кіраўнікі (ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню) і амаль уся савецкая нацыянальная інтэлігенцыя, прывялі да новых паўстаньняў. Найболей буйным выступам было паўстаньне пад кіраўніцтвам выпускніка Камуністычнага ўнівэрсытэту працаўнікоў Усходу Хасана Ісраілава (Тэрлоева), распачатае ўзімку 1940. У лютым прыхільнікі Хасана Ісраілава авалодалі часткай Паўднёвае Чачэніі (Шатойскі й Галанчоскі раёны). На зьезьдзе лідэраў паўстанцаў у райцэнтры Галанчож быў створаны Часовы народны рэвалюцыйны ўрад Чачэна-Інгушэтыі на чале зь Ісраілавым. Напрыканцы 1940 карныя войскі здолелі нанесьці паразу паўстанцам; да пачатку 1941 асноўная тэрыторыя ЧІАССР кантралявалася савецкімі войскамі.

Вайна 1941—1945 ажывіла паўстанцкі рух у горах Чачэна-Інгушэтыі. У лютым 1942 былы пракурор Чачэна-Інгушэтыі Майрбэк Шэрыпаў (малодшы брат легендарнага кіраўніка Чачэнскага Чырвонага войска, загінулага ў 1919) падняў паўстаньне ў Шатойскім і Ітум-Калінскім раёнах. Майрбэк Шэрыпаў увайшоў ува ўрад Хасана Ісраілава, у горах быў створаны вайсковы штаб паўстанцкага руху. У чэрвені 1942 урад Ісраілава-Шэрыпава зьвярнуўся з заклікам да чачэна-інгускага народу, у якім гаварылася, што каўкаскія горцы чакаюць на надыходзячыя нямецкія войскі як госьцяў і акажуць ім гасьціннасьць толькі пры поўным прызнаньні незалежнасьці Каўказу.

У 1942 савецкая авіяцыя двойчы падвяргала бамбаваньням горныя сёлы Чачэна-Інгушэтыі (пры тым, што нямецкія войскі не ўваходзілі на тэрыторыю ЧІАССР). У авулах Горнае Чачэніі было шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

У 1943 савецкія войскі (рэгулярнае войска й спэцчасткі НКУС) актывізавалі дзеяньні супраць паўстанцкіх аддзелаў. Ад другое паловы 1943 антысавецкі ўзброены рух у Чачэніі пайшоў на зьмяншэньне (немалаважным фактарам стала мабілізацыя мужчынскага насельніцтва ў савецкае войска).

У студзені 1944 Дзяржаўны Камітэт Абароны СССР прыняў рашэньне пра высяленьня чачэнцаў і інгушоў у Сярэднюю Азію (афіцыйнае абвінавачваньне — здрада й масавыя супрацоўніцтва зь немцамі; фактычны чыньнік — бесьперапынныя ўзброеныя выступы чачэнцаў і інгушоў супраць савецкае ўлады). 23 лютага 1944 чачэнцы й інгушы былі высланыя ў Казахстан і Кіргізію, а 7 сакавіка 1944 загадам Прэзыдыюму Вярхоўнага савету СССР Чачэна-Інгуская АССР была скасаваная.

У 1944 у горах Чачэна-Інгушэтыі з новай сілай успыхнуў паўстанцкі рух, які ўзначалілі Хасан Ісраілаў-Тэрлоеў і Кудус Тышышаў. Паўстанцы зьнішчалі прадстаўнікоў савецкіх і партыяўных органаў, працаўнікоў НКУС, вайскоўцаў, пасяленцаў. Для ліквідацыі супраціву ў Чачэна-Інгушэтыю былі накіраваныя некалькі дывізіяў НКУС; апэрацыямі супраць паўстанцаў кіраваў намесьнік наркама ўнутраных справаў СССР Б. З. Кабулаў. Узброенае змаганьне ў горных раёнах працягвалася да сярэдзіны 1950-х; асобныя партызаны (абрэкі), якія спынілі тэрарыстычную дзейнасьць, хаваліся ад савецкіх уладаў яшчэ ў 1960-х.