Пані Бавары
«Пані Бавары», або «Мадам Бавары» (па-француску: Madame Bovary) — раман Гюстава Флябэра, упершыню надрукаваны ў 1856 годзе. Лічыцца адным з шэдэўраў сусьветнай літаратуры.
Галоўная гераіня рамана — Эма Бавары, жонка лекара, якая жыве не па сродках і заводзіць пазашлюбныя сувязі ў надзеі пазбавіцца ад пустэчы і штодзённасьці правінцыйнага жыцьця. Хоць сюжэт рамана даволі просты і нават банальны, сапраўдная каштоўнасьць рамана — у дэталях і формах падачы сюжэту. Флябэр як пісьменьнік быў вядомы сваім імкненьнем давесьці кожны твор да ідэалу, заўсёды спрабуючы падабраць адпаведныя словы.
Гісторыя публікацыі, ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раман друкаваўся ў парыскім літаратурным часопісе «Рэвю дэ Пары» з 1 кастрычніка па 15 сьнежня 1856 году. Пасьля апублікаваньня рамана аўтар (а таксама яшчэ двое выдаўцоў рамана) быў абвінавачаны ў абразе маралі і разам з рэдактарам часопіса прыцягнуты да суду ў студзені 1857 г.. Скандальная вядомасьць творы зрабіла яго папулярным, а апраўдальны прысуд ад 7 лютага 1857 году зрабіў магчымым наступнае ў тым жа годзе апублікаваньне рамана асобнай кнігай. У цяперашні час ён лічыцца ня толькі адным з ключавых твораў рэалізму, але і адным з твораў, які аказаў найбольшы ўплыў на літаратуру наогул.
У рамане прысутнічаюць рысы літаратурнага натуралізму. Скепсіс Флябэра ў адносінах да чалавека выявіўся ў адсутнасьці тыповых для традыцыйнага рамана станоўчых герояў. Дбайная прамалёўка характараў абумовіла і вельмі доўгую экспазыцыю рамана, якая дазваляе лепш зразумець характар галоўнай гераіні і, адпаведна, матывацыю яе ўчынкаў (у адрозьненьне ад валюнтарызму ў дзеяньнях герояў сэнтымэнталісцкай і рамантычнай літаратуры). Жорсткі дэтэрмінізм ва ўчынках герояў стаў абавязковай рысай францускага рамана ў першай палове XIX стагодзьдзя.
Дбайнасьць у адлюстраваньні характараў, дакладная да бязьлітаснасьці прамалёўка дэталяў (у рамане дакладна і натуралістычна паказаная сьмерць ад атручваньня мыш’яком, клопаты па падрыхтоўцы трупа да пахаваньня, калі з рота памерлай Эмы выліваецца брудная вадкасьць, і да т. п.) былі адзначаныя крытыкай як асаблівасьць пісьменьніцкай манэры Флябэра. Гэта адбілася і ў карыкатуры, дзе Флябэр намаляваны ў фартуху анатама, які ўскрывае цела Эмы Бавары.
Згодна з праведзеным ў 2007 годзе апытаньнем сучасных папулярных аўтараў, раман «Мадам Бавары» зьяўляецца адным з двух найвялікшых раманаў ўсіх часоў (адразу пасьля рамана Льва Талстога «Ганна Карэніна»). Тургенеў ў свой час адгукнуўся пра гэты раман, як пра самы лепшы творы «ва ўсім літаратурным сьвеце».
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шарль Бавары, скончыўшы коледж, паволдле рашэньня маці пачынае вучыцца мэдыцыне. Аднак ён аказваецца ня вельмі цямлівы, і толькі прыродная стараннасьць і дапамога маці дазваляюць яму прайсьці іспыт і атрымаць месца ўрача ў Тосьце — правінцыйным францускім мястэчку ў Нармандыі. Стараньнямі ж маці ён жэніцца зь мясцовай удавой, малапрывабнай, але забясьпечанай жанчынай, якой ужо за сорак. Аднойчы, адправіўшыся на выклік да мясцовага фэрмэра, Шарль знаёміцца з дачкой фэрмэра, Эмай Руо, сымпатычнай дзяўчынай, да якой у яго ўзьнікае цяга.
Пасьля сьмерці жонкі Шарль пачынае мець зносіны з Эмай і празь нейкі час вырашае прасіць яе рукі. Яе даўно аўдавелы бацька дае згоду і зладжвае пышнае вясельле. Але, калі маладыя пачынаюць жыць разам, Эма вельмі хутка разумее, што больш не кахае Шарля і што да гэтага яна ўвогуле ня ведала, што такое каханьне. Аднак ён яе кахае бяз памяці і па-сапраўднаму зь ёй шчасьлівы. Яна гняцецца сямейным жыцьцём у глухой правінцыі і ў надзеі нешта зьмяніць настойвае на пераезьдзе ў іншы (таксама правінцыйны) горад Ёнвіль. Гэта не дапамагае, і нават нараджэньне дзіцяці ад Шарля не выклікае ў яе трапяткіх пачуцьцяў (сцэна, калі яна, упаўшы духам ад палону жыцьця, у парыве абурэньня штурхае дачку, а тая ўдараецца, што не выклікае шкадаваньня ў маці).
У Ёнвиле яна сустракае студэнта, памочніка натарыюса Леона Дзюпюі, зь якім яны падоўгу размаўляюць пра хараство сталічнага жыцьця на абедах у карчме, куды Эма прыходзіць з мужам. У іх ўзьнікае ўзаемная цяга. Але Леон марыць пра сталічнае жыцьцё і празь некаторы час зьязджае ў Парыж працягваць навучаньне. Празь некаторы час Эма знаёміцца з Радольфам Булянжэ, заможным чалавекам і вядомым лавэлясам. Ён пачынае да яе заляцяцца, кажучы словы пра каханьне, якіх ёй так не хапала ад Шарля, і яны становяцца палюбоўнікамі ў лесе, «пад носам» у закаханага мужа, які нічога не падазрае,і які сам купіў Эме каня, каб яна рабіла карысныя прагулкі на кані з Радольфам ў той самы лес. Жадаючы зрабіць Радольфу прыемнае і падарыць яму дарагі хлысьцік, яна паступова залазіць у даўгі, падпісваючы вэксалі Лерэ, пранырліваму крамніку, і марнуючы грошы без дазволу мужа. Эма і Радольф шчасьлівыя разам, яны часта таемна сустракаюцца і пачынаюць рыхтавацца да ўцёкаў ад мужа. Аднак Родольф, чалавек халасты, не гатовы пайсьці на гэта і разрывае сувязь, напісаўшы ліст, прачытаўшы які Эма захворвае і надоўга зьлягае ў ложак.
Паступова яна папраўляецца, канчаткова жа адысьці ад прыгнечанага стану яна здольвае толькі тады, калі ў Руане, даволі буйным горадзе побач зь Ёнвілем, яна сустракае Леона які вярнуўся са сталіцы. Эма і Леон ўпершыню ўступаюць у сувязь пасьля наведваньня Руанскага сабора (Эма спрабуе адмовіць, ня ісьці ў сабор, але, урэшце, не пераадольвае сябе і прыходзіць) у найманай імі карэце, якая паўдня насілася па Руане, робячы загадку для мясцовых жыхароў. У далейшым адносіны з новым палюбоўнікам змушаюць яе падманваць мужа, казаць, што па чацьвяргах яна бярэ заняткі па фартэпіяна ў жанчыны ў Руане. Яна заблытваецца ў пазыках, зробленых пры дапамозе крамніка Лерэ. Падманам атрымаўшы ў Шарля даверанасьць на распараджэньне маёмасьцю, Эма таемна прадае яго невялікі маёнтак, які прыносіць прыбытак (гэта адкрыецца Шарлю і яго маці пазьней). Калі Лерэ, сабраўшы вэксалі, падпісаныя Эмай, просіць свайго прыяцеля падаць у суд, які пастанаўляе спагнаць у кошт доўгу маёмасьць мужа і жонкі, Эма, спрабуючы знайсьці выхад, зьвяртаецца да Леона (ён адмаўляецца рызыкаваць дзеля сваёй палюбоўніцы, крадучы некалькі тысячаў франкаў з канторы), да ёнвільскага натарыюса (які хоча ўступіць зь ёй у сувязь, але ёй агідны). У рэшце рэшт яна прыходзіць да былога каханка Радольфа, які так жорстка абышоўся зь ёй, але той патрабаванай сумы ня мае, а прадаваць рэчы (складнікі абстаноўку яго інтэр’еру) дзеля яе ня мае намеру.
Страціўшы надзею, яна ўпотай у аптэцы пана Амэ прымае мыш’як, пасьля чаго прыходзіць дадому. Неўзабаве ёй становіцца дрэнна, яна ляжыць у ложку. Ні муж, ні запрошаны знакаміты лекар нічым ня могуць ёй дапамагчы, і Эма памірае. Пасьля яе сьмерці Шарлю адкрываецца праўда пра колькасьць набраных ёю даўгоў, нават пра здрады — але ён працягвае пакутаваць па ёй, разрывае стасункі з маці, захоўвае яе рэчы. Ён нават сустракаецца з Радольфам (адправіўшыся прадаць каня) і прымае запрашэньне Радольфа выпіць зь ім. Радольф бачыць, што Шарль ведае пра здраду жонкі, і Шарль кажа, што ня крыўдзіцца, у выніку чаго Радольф прызнае ў душы Шарля нікчэмнасьцю. На наступны дзень Шарль памірае ў сябе ў садзе, яго знаходзіць там маленькая дачка, якую затым перадаюць маці Шарля. Праз год яна памірае, і дзяўчынцы даводзіцца ісьці на прадзільную фабрыку, каб зарабіць на пражыцьцё.