Жэтон
Жэтон (англ. token, лат. tessera, ням. marke, фр. jeton; таксама паводле Ластоўскага — пазнамок[1]) — манэтападобны кавалак мэталу, які шырока выкарыстоўваўся ў Беларусі, асабліва з 1920-х гадоў у якасьці нагрудных знакаў (спартыўныя, ганаровыя, службовыя). Жэтоны выкарыстоўваліся ў шатнях грамадзкіх і культурных установаў, у парках адпачынку (жэтоны «Белатракцыёна»). Пэўны час у Беларусі былі ва ўжытку жэтоны для таксафонаў. І дагэтуль у мэтро выкарыстоўваюцца адмысловыя плястмасавыя жэтоны. У стасунках паміж людзьмі таксама замяняюць грашовыя сродкі, калі апошнімі карыстацца нязручна.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жэтоны выкарыстоўваліся яшчэ ў старажытнасці, напрыклад як ордэр на атрыманьне ахвяраваньняў у выглядзе тавараў або грошай ці як пропуск на сход. У Сярэднявеччы іх часта выкарыстоўвалі цэхі ці духавенства замест дробязі або квіткоў.
Першыя сучасныя жэтоны пачалі чаканіцца ангельскімі гандлярамі ў Ангельшчыне і брытанскіх калёніях ў XVII стагодзьдзі. Як правіла, жэтоны вырабляліся са сьпіжу або бронзы, рэдка — з срэбра або золата. Лік разнавіднасьцяў жэтонаў велізарны, толькі ў XVII стагодзьдзі іх было выпушчана каля 16 000. Да канца XVIII стагодзьдзя існавалі тры групы жэтонаў:
- гандлёвыя (токены) — выкарыстоўваліся ў якасьці грошай;
- памятныя (прадстаўнічыя ці прапагандысцкія жэтоны) — фактычна мэдалі і нагрудныя знакі;
- спэкулятыўныя — прызначаліся для калекцыянэраў, як рэдкія разнавіднасьці жэтонаў. Зьяўляліся падробкамі.
Забарона выкарыстаньня жэтонаў у якасьці токенаў не змагло перашкодзіць іх выкарыстаньню, так як да XIX стагодзьдзя ў звароце бракавала манэтаў дробных наміналаў. У 1818 годзе выкарыстаньне гандлёвых жэтонаў было забаронена ў Ангельшчыне, у 1873 годзе — у калёніях.
Існавалі таксама жэтоны, якія давалі правы на: атрыманьне абеду; атрыманьне хлеба; атрыманьне піва; атрыманьне торфу; атрыманьня дроваў; платы за працу; права праходу або праезду, у тым ліку праз гарадзкую браму i масты.
У цяперашні час існуюць жэтоны, якія даюць правы на: зьніжку; пазбаўленьня ад рэклямы; атрыманьне дапамогі ў спажывецкай каапэрацыi; гуляньне на кампутарах у гульнявых дамах; праезд у мэтро.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://designtut.by/objects/paznamok(недаступная спасылка)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жэтон — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў