Перайсьці да зьместу

Пазнавальнасьць сусьвету

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пазнава́льнасьць Сусьве́ту, спасьціга́льнасьць Сусьве́ту — фундамэнтальная філязофская і мэтадалягічная праблема.

Калі спасьціжэньнем-пазнаньнем — у адрозьненьне ад простага ўспрыняцьця-адлюстраваньня — называць эканомнае адлюстраваньне рэчаіснасьці праз пабудову яе мадэляў (мэта-рэчаіснасьці), гэткіх як навуковыя тэорыі (гл. навуковы мэтад) або граматычныя сыстэмы чалавечых моваў (гл. лінгвістыка), дык ужо факт прысутнасьці згаданых мадэляў у чалавечай культуры здымае пытаньне «Ці ёсьць Сусьвет пазнавальным?», пакідаючы «Чаму Сусьвет пазнавальны?» У гэтым апошнім можна ўгледзець анталягічны й эпістэмалягічны бакі, адпаведна:

  1. Чаму Сусьвет нейкім чынам упарадкаваны; чаму гэта прадказальны Космас, а ня Хаос?
  2. Чаму/Як гэтую ўпарадкаванасьць, прадказальнасьць Сусьвету можна спасьцігнуць праз інтэлект і лёгіку?

Некаторыя знаходлівыя людзі бяруць другое пытаньне і, зьмяніўшы «Чаму/Як…» на «Калі ўжо…» і адкінуўшы пытальнік, адказваюць ім на першае (у каторым «чаму» выпраўляюць на «таму»). Гэта называецца антропным прынцыпам і дзеецца, у дэталях, наступным чынам: перакруціўшы вядомы Бергсонаў довад аб тым, што «інтэлект ёсьць чыста практычнай здольнасьцю, набытай чалавекам у барацьбе за выжываньне, і як такі ня можа лічыцца надзейнай крыніцай веды», можна запытацца: дык ці ня мае самы факт узьнікненьня й разьвіцьця разумовых здольнасьцяў сваёю перадумоваю пазнавальнасьць (упарадкаванасьць, прадказальнасьць) Сусьвету-Космасу? Бо розум не разьвіўся б у «бясконца складаным» Сусьвеце-Хаосе — там ён ня быў бы надзейнай прыладай дзеля выжываньня.

Заўважым, аднак, па-першае, што нават калі розум і мае перадумоваю свайго ўзьнікненьня пазнавальнасьць Сусьвету, наяўнасьць розуму ўсяго толькі сьведчыць на карысьць факту пазнавальнасьці, але не тлумачыць прычыны—і пагатоў не зьяўляецца прычынаю—гэта факту. Па-другое, спрэчнымі глядзяцца развагі аб Сусьвеце — аб Усім! — ува ўмоўным склоне. Гэтыя развагі дапускаюць наяўнасьць мноства Сусьветаў-альтэрнатываў, пагружаных у нейкую мета-прастору і мета-час, што вядзе да пытаньня аб назіральнасьці (а значыць, абгрунтаванасьці) гэтых «іншых» Сусьветаў, мета-прасторы і мета-часу, а таксама да праблемы бясконцай рэгрэсіі мэта-мэта-…-Сусьветаў. Па-трэцяе, дарвінаўскім натуральным адборам выглядае слушным тлумачыць хіба толькі агульную цікаўнасьць чалавека да навакольнага сьвету. А вось ці магчыма разглядаць розум і сьвядомасьць як каштоўны набытак эвалюцыі і прадукт натуральнага адбору? Ці былі/ёсьць здольнасьць да абстрактнага мысьленьня і да «тэарэтычнага разуменьня сьвету, што ёсьць задачай філязофіі», у чым слушна сумняваўся крытыкуючы Бэргсона малады Расэл, вырашальнымі чыньнікамі для выжываньня? Відавочна, наш від яшчэ занадта малады, а стан ягонага папуляцыйнага разьвіцьця занадта далёкі ад раўнавагі, каб можна было зараз эмпірычна-абгрунтавана адказаць на такія пытаньні. Не дадае аптымізму прыхільнікам погляду аб эвалюцыйнай вышэйшасьці розуму і феномен «маўклівага Сусьвету» (парадокс Фермі).

Такім чынам, найболей канструктыўным падыходам да праблемы пазнавальнасьці Сусьвету бачыцца не пускацца наўцёкі ад яе праз антропны прынцып ці «бутстрэп», а сканцэнтравацца на анталягічным баку пытаньня—і ў першую чаргу на фармуляваньні «правільных чаму», свабодных ад метафізыкі. Так, існуе спакуса вельмі лёгка давесьці, чаму ў спэцыяльнай тэорыі адноснасьці (СТА) — лёгка, бо гэта папросту вынікае з пастулатаў СТА. Можна таксама спадзявацца, што будучая больш агульная тэорыя здолее такім самым чынам, г.зн. дэдуктыўна, адказаць на пытаньне, чаму с = менавіта столькі м/с. Але ланцуг дэдукцыі заўсёды будзе прыводзіць да пытаньняў: А чаму с = const? Чаму ў сьвеце дзее той ці іншы пастулат? Чаму існуе гэты мета-ўзровень рэчаіснасьці? Адылі мета-ўзроўню рэчаіснасьці не існуе. Існуе мета-ўзровень у нашым апісаньні рэчаіснасьці, а магчымасьць стварэньня гэтага мета-ўзроўню, магчымасьць кандэнсацыі ведаў аб навакольным сьвеце ў шэраг пастулатаў (шэраг заўсёды ўмоўны — узгадайма вядомы прыклад з эўклідавай геамэтрыі, дзе замест аксіёмы аб паралельных можна прыняць аксіёму аб суме вуглоў) — пастулатаў, каторымі праз ланцужок лёгікі можна ахапіць усё, — карэніцца ў павязанасьці ўсіх зьяваў прыроды міжсобку. Вось гэты цуд павязанасьці і зьяўляецца, напэўна, тым фокусам, у якім сыходзяцца неразабраныя дасюль праблемы прычыннасьці, часу і ўспрыняцьця, і які зьяўляецца стрыжнем праблемы пазнавальнасьці Сусьвету.