Перайсьці да зьместу

На шляхах волі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«На шляхах волі» — вершаваны раман Якуба Коласа. Апісвае драматычны лёс герояў на фоне падзеяў Першай сусьветнай вайны і рэвалюцыі. Гэта адзіны з большых Коласавых твораў, у якім усё дзеецца па-за межамі Беларусі — ўва Ўкраіне, Румыніі, Расеі — і галоўныя героі не беларусы.

Апісаны вайна, тылавое і франтавое жыцьцё, баі, адступы, пакуты вымушаных уцекачоў-«бежанцаў».

Раман ствараўся зь вялікім перапынкам: у 1926—1935 і 1955—1956 гадах. Складаецца з уступу і 28 частак. Ёсьць устаўныя вершы-санэты, якія друкаваліся асобна. Урыўкі зьяўляліся ў часопісах з 1929 году, але асобнага выданьня не было. У вадной кніжцы ўвесь твор выданы ў Зборах твораў (у 12, 14, 20 тамах). Асобнае выданьне толькі ў 2014 годзе.

Якуб Колас назваў твор паэмай, але пазьней казаў: «Пачала шмат тачыць здрадная думка: памыліўся ў жанры. Было пісаць у прозе, малы разгон у вершаваным радку». Міхась Мушынскі мяркуе, што гэта сацыяльна-псыхалягічны раман у вершах. У ім ёсьць толькі асобныя элемэнты паэмнай формы. Падзеі і героі не ўслаўляюцца, не паэтызуюцца. Асноўная ўвага надаецца асабістым дачыненьням герояў, прыватнаму жыцьцю, побыту.

У «Шляхах…» некалькі сюжэтных лініяў. Адна — галоўны герой, прапаршчык Барыс Дзяжа. Другая — Насьця Галута, у якую Барыс закаханы, яна засталася на хутары Засьценьне ля места Луцка, што ўва Ўкраіне. Трэці год з Засьценьня няма вестак, і малады прапаршчык перажывае, турбуецца за лёс каханай, лёс сваіх і ейных бацькоў. Часамі ў душы Барыса ўзьнікаюць сумненьні наконт Насьці, ці не забылася на яго яна, ці не пакахала другога. Яшчэ адна лінія — салдацкія мітынгі-выступы, зьвязаныя зь Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 году.

Дэтальна апісана быцьцё Дзяжы ў далёкім тылавым месьце на рэчцы Кама, тамтэйшыя ўмовы жыцьця, дачыненьні з аднапалчанамі, перажываньні ў сувязі з хуткім адʼездам на фронт, успаміны пра знаёмства з Насьцяй і пра іх кароткія сустрэчы, спатканьні, асабістыя стасункі ў даваенныя гады, таксама ўзноўлены ўнутраны стан героя, думкі, ацэнкі падзеяў. Блізкі сябра Барыса — паручнік Далін, данскі казак. На станцыйным прыпынку Барыс знаёміцца з харошай дзяўчынай Галяй з-пад Чарнігава, якая сьпяшаецца ў Кіеў к хвораму знаёмаму артылерысту. Барыс, сумняючыся, заляцаецца да спадарожніцы, як раіў Далін.

А са старым Галутам засталіся на хутары жонка, дачка Насьця і тры нявесткі з малымі дзецьмі. Сыны ў войску. Ён мяркуе, ці ехаць у далёкі сьвет, ці сьцерагчы роднае котлішча. Кабеты не слухаюць яго прапановы паехаць з уцекачамі на Ўсход. Расейскія казакі загадваюць ім ехаць, паляць гаспадарову клуню. Расейскую армію выганяюць аўстрыякі. Аўстрыйскі афіцэр чэх Ян Крочак асталёўваецца ў Галутаў, Насьця пакахала яго.

У 1930-я гады Якуб Колас зьмясьціў у творы палемічныя радкі, зьвернутыя крытыкам, пашырыў агляд гістарычных падзеяў і ўвёў новых пэрсанажаў. Гэта палкоўнік Грун, капітан Кунашын, ротны камандзір Глянда, прапаршчыкі Грынчар, Дунец, узводны Талалай, дэлегат Сафонаў, безыменнныя салдаты. Розныя палітычныя погляды (манархісты, кадэты, эсэры, меншавікі) аўтар пераказаў, не высьмейваючы іх. Мусіць, каб нэўтралізаваць небясьпеку для сябе, ён дадаў і некаторыя процілеглыя элемэнты. Зьявіўся яшчэ адзін новы пэрсанаж — бальшавіцкі агітатар латыш Шкунда. Ён займае месца ў позьніх частках, але ягоны характар не разьвіваецца, дзейнасьць не выходзіць за межы гучных прамоў і заклікаў.

Барыс Дзяжа, Насьця Галута, Ян Крочак сустрэліся. Незнаёмы паручнік Чухлоў дапамог Насьці ўладкавацца сястрой у бальніцу, там апынуўся і кантужаны Барыс. Ён не даруе дзеўцы ейнае часовае захапленьне. Мо яму не ставала дабрыні, спагадлівасьці, высакародзтва. Разьвітаўшыся з Насьцяй, Дзяжа едзе на Румынскі фронт, куды трэба даставіць дэзэртэраў. Усе разьбегліся і ён сам становіцца дэзэртэрам. Барыс затрыманы, яго ратуе Далін. Зараз Барысава мэта:

Дабрацца да Валыні,

У двор Галуты зазірнуць:

Быць можа ўдасца што-нібудзь

Пачуць аб страчанай дзяўчыне.

  • Міхась Мушынскі. «На шляхах волі» — вершаваны раман Якуба Коласа // Полымя № 8 — 2007
  • Максім Лужанін. Колас расказвае пра сябе

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]