Навасьвержанская фаянсавая мануфактура
Навасьвержанская фаянсавая мануфактура (фарфорня) — прадпрыемства, якое заснаваў Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» ў мястэчку Сьвержань у 1742 годзе. Другое такое прадпрыемства ў Рэчы Паспалітай, пасьля мануфактуры ў Белай, што належала маці Рыбанькі. Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» адправіў сваіх мясцовых хлопцаў за мяжу для атрыманьня прафэсійных ведаў і навыкаў. Сваё навучаньне яны скончылі ў жніўні 1741 году, а ў красавіку 1742 году фарфорня дала першую прадукцыю. Увесь клопат па арганізацыі вытворчасьці несьлі на сабе мясцовыя майстры. За ўсю гісторыю тут працаваў толькі адзін іншаземец — немец Кюнтцэльман. Найважнейшым яго абавязкам была падрыхтоўка мастакоў зь мясцовых хлопцаў. На мануфактуры выраблялі сталовы і аптэчны посуд, дэкаратыўныя куфэркі, шкатулкі, чарнільніцы, літургічны посуд, фігуры сьвятых для алтароў, бюсты старажытных філёзафаў для інтэр’ера бібліятэкаў, фаянсавыя пячныя пліткі, кафлю. А таксама выраблялі фаянсавыя алтары для касьцёлаў. Мануфактура выконвала заказы шляхты і магнатаў, а таксама працавала на продаж.